Андрэй Пачобут: Прысуд такі, як гэтага хоча КДБ


Андрэю Пачобуту далі 15 дзён арышту. Справу журналіста разглядалі тройчы.

Нагадаем, журналіста польскага выдання “Gazetа Wyborczа” Андрэя Пачобута затрымалі 19 снежня на плошчы Незалежнасці. Аднак у судзе яго вызвалілі з-пад варты, заявіўшы пра неабходнасць дадатковага правярання.

Другі разгляд справы прайшоў 9 студзеня. Суддзя Кастрычніцкага раёну сталіцы аштрафаваў Пачобута на 1,75 млн руб., прыняўшы да ўвагі, што ў яго двое малых дзяцей. Але пракуратура падала скаргу, бо палічыла прысуд занадта мяккім.

Сёння ў Кастрычніцкім судзе зноў пераглядзелі адміністратыўную справу пра «ўдзел» журналіста ў несанкцыянаванай акцыі 19 снежня. Рашэнне пакараць Андрэя Пачобута прымала суддзя Наталля Пратасавіцкая, якая фігуруе ў еўрапейскім спісе неўязных, паведамілі ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).

“Гэта сорам для краіны, што карэспандэнт вядучага польскага выдання апынуўся за кратамі за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў”, – абураецца чалец праўлення БАЖ Аляксандр Старыкевіч. Ён называе прысуд асабістаю помстаю дзяржавы за журналісцкую дзейнасць Пачобута, а таксама за тое, што ён падрабязна апісаў у сваім блогу акалічнасці допытаў у КДБ.

“Да таго ж гэта запалохваючы сігнал астатнім беларускім журналістам, а таксама адказ Польшчы і Еўразвязу за жорсткую пазіцыю ў адносінах да афіцыйнага Менску”, – упэўнены Аляксандр Старыкевіч.

Напярэдадні судовага разбірання Андрэй Пачобут заявіў журналістам “Белсату”, што гатовы да арышту. “Прысуд будзе такі, якое жаданне мае КДБ. Уся гэтая справа закруцілася пасля візіту ў КДБ, і я думаю, што менавіта КДБ – асноўны “замоўца” гэтай справы”, – дадаў журналіст.

belsat.eu

Стужка навінаў