Алесь Марачкін: Усё ідзе да таго, што апазіцыйнаю партыяй будзе кіраваць улада


Больш за 80 сябраў Партыі БНФ абвесцілі пра свой выхад з арганізацыі.

Сярод падпісантаў ліста – шэраг вядомых прозвішчаў: былы старшыня Лявон Баршчэўскі, мастак Аляксей Марачкін, прафесар Юрась Хадыка.

“Пасля 19 снежня адбыўся перагляд усяго, што робіцца і што рабілася ў дэмакратычных арганізацыях і партыях. Гэта, як лакмусавая паперка, паказала, хто ёсць хто. Вы самі разумееце, чаму цяпер Раманчука з партыі выключаюць, – распавёў Аляксей Марачкін. – Я думаю, арганізацыя будзе існаваць. Але я думаю, што гэта будзе кіраваная арганізацыя. Да гэтага ўсё ідзе: каб уся апазіцыя, усе арганізацыі няўрадавыя былі кіраваныя ўладаю”. Мастак не выключае, што людзі, якія выйшлі з БНФ, створаць новую арганізацыю.

Каментуючы БелаПАН сітуацыю, намеснік старшыні Партыі БНФ, былы кандыдат на прэзідэнта Беларусі Рыгор Кастусёў, заявіў, што яго не вельмі здзівіла з’яўленне такой заявы.

“Яшчэ да правядзення з’езда ў 2009 годзе была ідэя не вылучаць на прэзідэнцкіх выбарах партыйнага кандыдата, а накіраваць партыйныя сілы на супрацу з пэўным кандыдатам, якога падтрымлівае ініцыятыва “Хартыя’97″. У выніку частка сябраў Менскай гарадской арганізацыі адмовілася працаваць на партыйнага кандыдата і падтрымала іншых прэтэндэнтаў”, – распавёў Рыгор Кастусёў.

На ягонае меркаванне, людзі, якія выйшлі з Партыі БНФ, “ажыццяўляюць свой даўні план па стварэнні новай палітычнай сілы пад пэўнага чалавека”. “Гэта іхнае права”, – заявіў палітык.

Кастусёў паведаміў, што цяпер праводзіцца ўнутраная перарэгістрацыя сябраў сталічнай партыйнай арганізацыі. У яе, паводле палітыка, уваходзіць да тысячы чалавек. “Думаю, астатнія пацвердзяць сваё жаданне застацца ў Партыі БНФ”, – заявіў Кастусёў.

belsat.eu

Стужка навінаў