Капсулу Кірыла выкапаюць?


Патрыярх Кірыл выказаў надзею, што найстаражытнейшы храм Менску адновяць. Але ў сталічных уладаў былі зусім іншыя планы. Чые памкненні спраўдзяцца ў выніку?

Першаіерархі праваслаўных памесных цэркваў надоечы адслужылі ўрачысты малебен у гістарычным цэнтры Менску, прысвечаны 1025-годдзю Хрышчэння Русі.

Патрыярх чакае аднаўлення храму

Пасля Боскай літургіі, якую наведала паводле розных звестак ад 10 да 30 тыс. вернікаў, на месцы найстаражытнейшага праваслаўнага храму сталіцы заклалі памятную грамату з нагоды знакавай падзеі, на якой пакінулі свой подпіс усе прысутныя старшыні праваслаўных цэркваў.

“Мы спадзяемся, што, магчыма, гэтая грамата, якая пакладзена ў зямлю, паспрыяе таксама здзяйсненню яшчэ аднаго значнага ўчынку – каб на гэтым святым месцы быў узведзены праваслаўны храм на знак памяці пра 1025-годдзе Хрышчэння Русі”, – заявіў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.



Што плануе дзяржава?

Працы па рэканструкцыі менскага замчышча, паводле задумы гарадскіх уладаў, мусілі б быць цяпер у самым разгары. Праект гісторыка-архітэктурнага комплексу прадугледжвае поўнае перайначанне пляцоўкі паміж ракою Свіслач, вуліцаю Багдановіча, праспектам Пераможцаў і фантанам перад Палацам спорту.

У плане драўлянага гораду, які мяркуе пабудаваць “Мінскпраект”, сапраўды ёсць царква. Аднак месціцца яна за 100 м ад аўтэнтычнага падмурку гістарычнага храму. Ці сапраўды ўлады праігнаруюць цудам захаваны фундамент старажытнага будынку?

“Так, у праекце архітэктара Сяргея Багласава царква насамрэч стаіць на адлегласці ад свайго гістарычнага месца, – пацвярджае Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. – З рэшткаў падмурку можна меркаваць, што гэта быў 4-слупавы 3-апсідны храм ХІІ стагоддзя, блізкі паводле выгляду да тагачасных заходнееўрапейскіх цэркваў. Аднак архітэктурны праект храму ўжо зроблены, з поўным ігнараваннем навуковых даследаванняў і нават без спробаў наблізіцца да аўтэнтычнага. Наогул праект менскага замчышча складзены наўздагад, без уліку гістарычна абумоўленай канфігурацыі таго перыяду”.

Патрыярх Кірыл загаварыў пра ўзнаўленне першага менскага храму ў кантэксце супольнасці ўсходнеславянскіх зямель, але навукоўцы вызначылі: спецыфіка архітэктуры царквы замчышча не ўпісваецца ў тыповыя планы цэркваў старажытнай Русі. У прыватнасці, Загарульскі выказаў думку, што дойліды храма былі знаёмыя з раманскаю школаю.

Разрыў мозгу

Закладанне патрыяршай капсулы стала б сімвалічным пачаткам вяртання Менску яго гістарычнай памяці. Прысутны на цырымоніі мэр гораду Мікалай Ладуцька адзначыў у інтэрв’ю тэлеканалу “Союз”: “Калі кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы звернецца, мы будзем разглядаць пытанне. Улічваючы, што пастанову закласці капсулу далі, значыць, адпаведна, і адмовы ў будаўніцтве храму не будзе”.

{movie}Праект Мінскага замчышча (карэктыроўка) |right|11903{/movie}

Тым не менш, згодна з планам рэканструкцыі, царква перанясецца бліжэй да праезнай часткі праспекта Пераможцаў. Чарговы дыскансэнсус між праваслаўнымі іерархамі і кіраўніцтвам дзяржавы ператвараецца ў тэндэнцыю.

Гэткую недамоўленасць Антон Астаповіч характарызуе як “чарговы разрыў мозгу ўлады”: “Гэта тыповая несбаланасаванасць дзеянняў, калі і адныя, і другія хочуць аднаўлення храму. Але пры гэтым патрыярх Кірыл асвячае аўтэнтычны падмурак, што мы, безумоўна, вітаем, а гарадское кіраўніцтва аднесла царкву ў зусім іншы бок”.



Пазіцыя таварыства аховы помнікаў застаецца ранейшая: парэшткі старажытнай царквы трэба закансерваваць і экспанаваць. А ў будучым працаваць над прадуманым яе аднаўленнем.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў