Яўген Ліпковіч: Ува ўсім вінаватая «Белая Русь»


«Белсат» паразмаўляў з вядомым блогерам з нагоды ягонага ліста да міністра фінансаў Андрэя Харкаўца і нечакана для сябе знайшоў адказ на герцэнаўскае пытанне для асобна ўзятай краіны.

А пачалося ўсё з апублікаванага нядаўна праекту закону «Аб унясенні зменаў і дадаткаў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь». Сярод іншага, праект прадбачыць павелічэнне акцызаў на паліва з 1 544 000 Br/т да 2 238 000 Br/т на першае паўгоддзе наступнага года і нават да 3 705 600 Br/т на другое паўгоддзе. І ўсе гэтыя «змены і дадаткі» – пры тым, што інфляцыя налета мае скласці ўсяго 15 %.

Як сумленны грамадзянін спадар Ліпковіч звярнуў увагу на тое, што такая пастанова парушае Дамову аб Саюзнай дзяржаве ды Мытным звязе, а больш канкрэтна – арт. 8 ч. 2, які забяспечвае роўныя правы і гарантыі суб’ектам гаспадаркі. Павелічэнне акцызаў натуральным чынам павялічыць кошты на паліва, што акурат пагоршыць умовы для айчынных прадпрымальнікаў і арганізацыяў адносна расейскіх.

“У мяне заўсёды было шмат чаго выказаць у адрас эканамічных уладаў нашай шматпакутнай краіны, але я з усіх сілаў стрымліваўся, разумеючы, што часы цяпер не простыя, ворагі нашыя па ўсім перыметры не дрэмлюць, ладзяць шкоды і правакацыі. Акрамя таго, у нас ёсць яшчэ і ўнутраныя рэнегаты, у асобе нашай магутнай апазіцыі, якая не толькі раз у пяць гадоў топчуць зялёныя насаджэнні каля Дому Ураду, але і не перастаюць выношваць планы, як нашкодзіць нашаму богабаязнаму ўраду, нашаму Нацыянальнаму банку і ягоным золата-валютным рэзервам. Я не буду пералічваць усіх пайменна, вы іх не горш за мяне ведаеце. Менавіта яны прымусілі цяперашняга віцэ-прэм’ера Пракаповіча, які быў ў мінулым жыцці Старшынёй Нацыянальнага банка, зладзіць эмісію, якая потым вылілася ў трохразовае павелічэнне курсу долара да беларускага рубля, менавіта яны не даюць нам, а дакладней вам, ўзгадніць параметры і паказчыкі, для атрымання крэдытаў ад МВФ, менавіта яны робяць усё, каб абмежаваць прыток інвестыцыяў і яшчэ многае іншае” – урывак з ліста.

Хоць блогер і прапаноўвае Міністэрству фінансаў перагледзець стаўкі акцызаў, на грунтоўны адказ не спадзяецца: «Хутчэй за ўсё прышлюць стандартную адпіску – маўляў, мы проста можам гэтак рабіць. Там, праўда, ёсць вельмі цікавая штука – нягледзячы на тое, што яны закладаюць інфляцыю 15 %, а з акцызаў вынікае зусім іншая лічба, значыць, яны загадзя плануюць і рост курсу долара».

Што да нашага галоўнага стратэгічнага партнёра, дык, паводле Ліпковіча, Расеі «ўвогуле напляваць на тое, што ў нас адбываецца»: «Але я далей магу такі ліст адаслаць у саюзныя органы альбо яшчэ куды, але ўсе выдатна разумеюць, што гэтая саюзная дамова ёсць толькі дэкларацыяй, якая нічога з сябе не ўяўляе. Так, ёсць нейкі бюджэт, які проста дзесьці наверсе паміж сабою пілуюць і ўсё».

Хто ж вінаваты ў тым, што інтэграцыйныя працэсы дзеяць далёка не гэтак, як мусяць? Хто адказны за тое, што, як паведаміў у сярэдзіне ліпеня прэм’ер Міхаіл Мясніковіч, у краіне 445 тыс. беспрацоўных ды ўрэшце за рост акцызы на паліва? Для спадара Ліпковіча адказ відавочны: Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь».

«Адкінуўшы ўбок ідэалогію, трэба гэта ясна прызнаць. Яны самыя сябе называюць кіроўным рухам, яны засядаюць у парламенце, дзе складаюць большасць, таму ўрэшце мусяць за гэта адказаць. Людзі, якія кажуць, што яны ва ўладзе, насамрэч ёсць ва ўладзе – хай Радзькоў (Аляксандр Радзькоў, старшыня «Белай Русі» – belsat.eu) і адказвае», – рэзонна прапаноўвае Ліпковіч.

Больш за тое, такая пастанова дакладна будзе да густу таксама і той частцы электарату, якая цягам амаль двух дзясяткаў гадоў упэўненая ў тым, што кіраўнік краіны ні ў чым не вінаваты.

У лісце Яўген Ліпковіч, намагаючыся звярнуць увагу Міністэрства фінансаў на парушэнні міжнародных дамоваў, звяртае ўвагу на тое, што дзякуючы падобным дзеянням «ствараецца непраўдзівае ўражанне, што ў нас у краіне з савецкіх часоў нічога не змянілася», і дадае, што шмат якія змены ўсё ж адбыліся. Напрыклад, «з’явілася вашае міністэрства і яго старонка ў сеціве».

Блогер падзяліўся з «Белсатам» і іншымі пазітыўнымі зменамі, якія заўважыў у нашай краіне з савецкіх часоў.

«Няма чаго спрачацца – у параўнанні з савецкімі часамі шмат што змянілася. Гэтак, напрыклад, у нас панабудоўвалі катэджаў – раней такога таксама не было. Ды нават тое, што ў нас два саюзы пісьменнікаў і ажно пяць дзяржаўных каналаў, хоць па ім і паказваюць адное і тое ж. Змянілася трохі нават атрыбутыка. Адзінае, што не змянілася, – гэта тое, што мы працягваем думаць старымі катэгорыямі – як у той прымаўцы: “пакуль гром не прагрыміць, мужык не пераксціцца». Але гэта ж рыса расейскага народу, якім мы ж ужо даўно не ёсць, і гэта мяне, натуральна, абурае страшна», – кажа ён.

Спадар Ліпковіч таксама заклікае далучыцца да ягонага звароту ў Міністэрства фінансаў, а яшчэ лепш – напісаць свой, каб не дапусціць парушэння заканадаўства Саюзнай дзяржавы, якую Беларусь ужо не першы год упарта будуе з Расеяй.

УШ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары