Нападнік на беларускую акцыю ў Кіеве: Гэта правакацыя


Маладзён, які назваўся грамадзянінам Украіны Юрыем Кляйносам, крычаў праз гучнагаварыцель, што арганізатары акцыі салідарнасці з беларускаю грамадзянскаю супольнасцю ўчынілі правакацыю.

У Кіеве ў Марыінскім парку, дзе ўчора адзначаўся Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю Беларусі, невядомыя ў масках зрывалі фотаздымкі з выявамі беларускіх акцыяў пратэсту і патрабаваннямі вызваліць палітвязняў.

Пакуль невядомыя зрывалі фатаграфіі, малады чалавек, які назваўся Юрыем Кляйносам, крычаў у гучнагаварыцель, што дзеянні арганізатараў выставы накіраваныя на разбурэнне адносінаў Украіны і Беларусі. Ён пераконваў мінакоў, што арганізацыя «Amnesty International», якая зладзіла акцыю салідарнасці, фінансуецца з амерыканскіх грантаў. Пры гэтым на пытанне, ці ягоныя людзі зрываюць фотаздымкі, ён адказаў адмоўна.

«Прастора свабоднай Беларусі» – акцыя да Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю Беларусі, у якой, сярод іншага, бралі ўдзел «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў», «Amnesty International» ва Украіне і Міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека.

Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю Беларусі ўпершыню адзначаўся летась у гадавіну пазбаўлення волі беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

АК, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў