Стэфановіч пра палітвязняў: Аптымізму меней, чым было ўвесну


Роўна 2 гады таму арыштавалі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, які дагэтуль – за кратамі. Якія сёння шанцы на вызваленне ў яго ды іншых палітвязняў?

Алеся Бяляцкага затрымалі ў Менску 4 жніўня 2011 года. У лістападзе таго ж года суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, пакуль перадумоваў для вызвалення палітвязняў мала, нягледзячы на пацяпленне адносінаў паміж Менскам і Бруселем. «Аптымізму ў мяне яшчэ менш, чым вясною гэтага года. Пакуль ніякіх пазітыўных тэндэнцыяў, ніякіх рэальных крокаў з боку беларускіх уладаў у кірунку дыялогу з Еўразвязам я не бачу», – сказаў Стэфановіч. Хутчэй, дадаў ён, назіраліся «авансы з боку ЕЗ, які быў настроены вельмі пазітыўна і шукаў пазітыў там, дзе яго няма».

«Класічным прыкладам» памылкі Еўропы Стэфановіч назваў першапачатковы даклад аб Беларусі еўрапарламентара Юстаса Палецкіса, дзе гаварылася пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне (у канчатковым варыянце дакладу гэтую фармулёўку змянілі).

«Ён спасылаўся на статыстыку «Вясны», але зрабіў свае высновы. Мы ніколі ў сваіх ацэнках не рабілі высноваў пра значныя паляпшэння з правамі чалавека. Вядома, парушэнняў у колькасных адносінах, можа быць , і менш, але гэта звязанае са зніжэннем палітычнай актыўнасці пасля падзеяў 19 снежня 2010 года», – падкрэсліў Стэфановіч.

На думку праваабаронцы, апошнім часам улады не прадэманстравалі ніякіх пазітыўных крокаў, якія датычаць паляпшэння заканадаўства або практыкі яго выкарыстання ў сферы правоў чалавека.

«Наадварот, можна казаць пра факты яшчэ больш рэпрэсіўнага і жорсткага прымянення заканадаўства. Палітвязні працягваюць знаходзіцца ў турмах. Прычым сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, паколькі распачаты шэраг крымінальных справаў, у тым ліку па артыкуле аб незаконнай дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі», – сказаў Стэфановіч.

Ён таксама нагадаў пра абвінаваўчы прысуд ў дачыненні лідара незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў» Андрэя Гайдукова (суд прызнаў яго вінаватым у замаху на злачынства – супрацоўніцу са спецслужбамі органаў дзяржбяспекі замежных дзяржаваў) і аб новых крымінальных справах у дачыненні былых палітвязняў Васіля Парфянкова і Уладзіміра Яроменкі.

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў