Свежая ідэя: Суботнік для збору грошай на лаўкі ў цэрквах


Беларускай праваслаўнай царкве і БРСМу прапанавалі зарганізаваць збор сродкаў на ўсталяванне лавак у цэрквах.

Пад зваротам з прапановаю зарганізаваць дзеля гэтага рэспубліканскі суботнік падпісаліся 46 жыхароў Магілёва. Ідэя належыць актывісту Беларускага незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Аляксею Паўлоўскаму. Ліст накіравалі мітрапаліту Менскаму і Слуцкаму Філарэту, а таксама ў грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (БРСМ).

Аўтары ліста нагадваюць пра нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасці рэфармаваць Праваслаўную царкву. «Вельмі доўгія, працяглыя набажэнствы, пропаведзі, а дарослае ж пакаленне, шмат бабулек проста не вытрымліваюць гэтага», – адзначыў ён. Паводле кіраўніка краіны, ён – супраць таго, каб «людзі ў царкве 2–3 гадзіны падчас пропаведзі ці набажэнства стаялі на нагах, нідзе не прысесці».

Падпісанты звароту, якія называюць сябе праваслаўнымі хрысціянамі, просяць «маладых патрыётаў Айчыны, паслядоўнікаў славянскага адзінства» з БРСМ «адчувальна дапамагчы праваслаўным прыходам Беларусі ды зарганізаваць рэспубліканскі суботнік, сродкі ад якога накіраваць на набыццё лавак для беларускіх праваслаўных цэркваў».

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў