Караткевіч на эсперанта – на знак салідарнасці з Беларуссю



Заўтра Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Яго сэнс – выказаць падтрыманне нашай краіне і данесці інфармацыю пра тое, што ў ёй адбываецца да як мага большай колькасці людзей. Робіцца гэта як сродкамі інтэрнэту, гэтак і імпрэзамі ды акцыямі па-за сецівам.

Сімвалічным дзень 4 жніўня стаў толькі летась. Зразумела, сусветнай традыцыяй яго пакуль назваць складана, але менавіта гэтага дамагаюцца тыя, хто яго запачаткаваў. Нездарма зварот далучыцца да акцыі з’явіўся нават на эсперанта. Эпіграфам да яго служаць радкі з Караткевіча: “Чалавек можа ўсё. Межаў яго сіле няма, калі наперадзе агонь надзеі. Гэта вельмі добра ведаюць гуманісты, фанатыкі і закаханыя”. А на эсперанта – “Homo povas ĉion. Ne estas limoj de liaj povoj, se espero brilas antaŭe. Tion bone scias humanistoj, fanatikuloj kaj amantoj”.
{movie}Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі|right|11891{/movie}
На думку ўдзельнікаў, толькі міжнароднай салідарнасцю можна змяняць правілы, якія навязваюцца грамадству гвалтоўна. Гэтак, свае мэты яны сфармулявалі ў Маніфесце Дня салідарнасці: “Мы будзем адзначаць гэты дзень штогод, да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці Беларусі не зменіцца: пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды: свабода выражэння меркаванняў, сходаў і аб’яднанняў”.

Форма ўдзелу акцыі можа быць абсалютна розная. Хтосьці ўсталёўвае на аватарках валошкі – адмыслова распрацаваны сімвал акцыі. Хтосьці праводзіць у сваім горадзе кінапаказ, як у Варонежы. Хтосьці фатаграфуецца з эпіграфам, які можна знайсці тут на трох мовах. У Вільні ўжо на панядзелак запланавалі пікетаванне беларускай амбасады, у Маскве адбудзецца прэзентацыя кнігі Валера Каліноўскага пра справу Бяляцкага.

Дзень абраны не выпадкова: 4 жніўня – дата арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Традыцыю заклалі расейскія праваабаронцы.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары