«BelToll» у дзеянні


Абураныя кіроўцы і велізарныя чэргі. Гэтак у Беларусі пачаўся першы дзень працы новай сістэмы аплаты за карыстанне дарогамі “BelToll”.

{movie}«BelToll» у дзеянні|right|11873{/movie}

УЛАДАЛЬНІКІ АЎТАЎ:
“Чарга з трэцяй гадзіны ночы! За пяць гадзінаў прынялі толькі дзевяноста асобаў. У чаргу запісаліся 400 асобаў!”
“Няма ні прыбіральні, ні сталоўкі, ні нават лаўкі. Чакаем”.

Усё дзеля таго, каб у адмысловых пунктах атрымаць вось гэтае электроннае прыставанне. Частцы кіроўцаў яно цяпер абсалютна неабходнае, каб рухацца па вызначаных платных адрэзках беларускіх дарогаў. Інвестарам новага праекту выступіла аўстрыйская фірма “Kapsch TrafficCom”. Паводле афіцыйных прадстаўнікоў кампаніі ў Беларусі, новая сістэма аплаты больш эфектыўная, а праблемы – часовыя.

ВІКТАР ТАНАЕЎСКІ, АФІЦЫЙНЫ ПРАДСТАЎНІК ІНВЕСТАРА:
“Не трэба будзе затрымлівацца на шлагбаумах, адстойваць чэргі, каб заплаціць за праезд. Аднак цяпер ёсць чэргі, каб зарэгістравацца ў сістэме. Гэта трэба будзе зрабіць адзін раз, падпісаць кантракт, атрымаць бартавую прыладу, пакінуць задатак, унесці перадаплату, калі будзе выбраны рэжым перадаплаты”.

Дзеянне сістэмы простае. Адмысловыя камеры на дарогах рэгіструюць сігнал датчыка ў салоне аўта. Грошы за адлічаныя кіламетры аўтаматычна здымаюць, калі кіроўца мае адмысловы рахунак. У іншым выпадку кошт трэба будзе аплаціць пазней. Агулам у Беларусі платныя сталі 815 кіламетраў дарог. Плаціць прыйдзецца замежным уладальнікам легкавых аўтаў, чые краіны не ўваходзяць у Мытны саюз, а таксама ўсім перавознікам, чые транспартавыя сродкі цяжэйшыя за 3,5 тоны. Кошт: € 0,04 за кіламетр для легкавых аўтаў, да € 0,12 для грузавікоў.

ВІКТАР ТАНАЕЎСКІ, АФІЦЫЙНЫ ПРАДСТАЎНІК ІНВЕСТАРА:
“Мы будзем плаціць і працаваць дакладна гэтак, як робяць гэта даўно іншыя краіны. Паводле заходніх стандартаў пры выкарыстанні сучасных тэхналогіяў”.

Аднак некаторыя карыстальнікі беларускіх дарогаў сённяшняе новаўвядзенне ўспрынялі насцярожана.

АНАТОЛЬ, КІРОЎЦА:
“Можа, гэта і добра. Можа, палепшацца нашыя дарогі. Можа быць. Калі гэта так будзе. Але мы сумняваемся, што дарогі палепшацца!”

Міністэрства транспарту спадзяецца, што “BelToll” акупіць сябе цягам трох гадоў. Пакуль жа галоўнаю праблемаю застаюцца не толькі вялізарныя чэргі ў пунктах выдавання датчыкаў, але і немалая колькасць ахвотных праехацца па платных цяпер дарогах бясплатна. Ужо за першыя дзевяць гадзінаў эксплуатацыі сістэмы было зафіксавана больш за трыста парушальнікаў.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў