Справу «віцебскай падрыўніцы» перадаюць у суд


Канчатковае абвінавачанне ў здзяйсненні выбуху ля віцебскага КДБ прад’явілі 42-гадовай раней асуджанай жанчыне. Паводле Следчага камітэту, яна цалкам прызнала сваю віну на этапе папярэдняга следства.

Абвінавачаная, імя якой следчыя не называюць, – 42-гадовая нарадзінка Віцебску, працавала на адным з гарадскіх прадпрыемстваў. У ейным доме следчыя знайшлі сшытак з запісамі, як вырабіць выбуховыя прылады, і газетнымі выразкамі пра розныя выбухі ды ўжо гатовыя самаробныя выбухоўкі, каля ста петардаў, клейкую стужку, салетру і пнеўматычны пісталет. Гэтыя, а таксама доказы з месца здарэння, выявілі ейны ўдзел у выбуху каля будынку КДБ у Віцебску летась у лістападзе.

Як перадае дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкаю на прадстаўніка Следчага камітэту Віцебску, падчас расследавання жанчына “падрабязна апісала механізм вырабу выбухоўкі, а таксама падчас праверкі паказанняў на месцы паэтапна апісала парадак сваіх дзеянняў”.

Выбух ля будынку УКДБ Віцебскай вобласці адбыўся ўвечары 11 лістапада 2012 года. Ніхто ад гэтых дзеянняў не пацярпеў. Следчыя кваліфікавалі здарэнне як зацятае хуліганства. Абвінавачанай пагражае да 10 гадоў зняволення.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары