Былога палітвязня не выпускаюць з гораду, бо хадзіў не ў тых штанах?


Аляксандру Малчанаву, які ў ліпені выйшаў на свабоду, прапанавалі працу з добрым заробкам. Але ён мусіў адмовіцца.

Аляксандр Малчанаў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Барысаве. Увагу міліцыі ён прыцягнуў у першай палове 2000-х, калі быў актывістам моладзевага руху “Зубр”. Праз палітычную актыўнасць Аляксандра пацярпела і ягоная маці, з якою не працягнулі кантракту. Тады ён перайшоў вучыцца ў вечаровую школу і ўладкаваўся на курсы муляраў, каб карміць сям’ю.

Прэвентыўны нагляд цягам шасці месяцаў над былым палітвязнем Аляксандрам Малчанавым усталявалі напрыканцы ліпеня. Гэта значыць, што ён не можа выязджаць з гораду без дазволу крымінальна-выканаўчай інспекцыі, штодня вяртацца дахаты не пазней за 22:00 і два разы на месяц адзначацца ў міліцыі. За парушэнне правілаў пагражае 2 гады турмы.

Не тыя штаны

У размове з “Белсатам” Аляксандр Малчанаў выказаў спадзяванне, што яму ўдасца дамагчыся, каб пастанову адмянілі. Паводле яго, прычынаў сачыць за ім пасля вызвалення няма, бо ён не быў злосным парушальнікам рэжыму і атрымаў выдатную характарыстыку ў ПТВ, якую скончыў у калоніі. Там ён атрымаў спецыяльнасць станочніка шырокага профілю ІІІ разраду.

Аляксандр Малчанаў у зале суда. Архіўнае фота, palitviazni.infoАляксандр Малчанаў . Фота palitviazni.infoЯкраз пасля вызвалення яму прапанавалі добрую працу ў прыватнай фірме. Але праз прэвентыўны нагляд ён не змог выконваць адной з асноўных задачаў – ездзіць у камандзіроўкі. Паводле новай спецыяльнасці Аляксандр працы пакуль не шукаў. Ён спадзяецца вярнуцца ў Менск, каб зарабляць на жыццё і паспрабаваць аднавіцца на завочным аддзяленні Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытуту. З ВНУ яго адлічылі, пакуль быў у зняволенні.

Падчас другога тэрміну палітвязень атрымаў тры спагнанні. Першае – за адмову працаваць, калі кепска пачуваўся. Другое – за нестатутную форму адзежы (быў не ў тых штанах). Апошняе спагнанне далі за антысанітарыю і кепска прыбраны ложак, аднак растлумачыць, што тут мелася на ўвазе, прадстаўнікі адміністрацыі калоніі адмовіліся.

Некалькі вясёлых гісторыяў… за кратамі

Пакуль Аляксандр Малчанаў робіць рамонт у доме, дзе жыве з пажылым бацькам. Кажа, што той з разуменнем ставіцца да таго, што адбылося з сынам, і не падтрымлівае палітычнай лініі кіраўніцтва. Хлопец абяцае распавесці ў сваім “ЖЖ” некалькі цікавых гісторыяў, якія здарыліся з ім у калоніі. Але пакуль уладкоўвае жыццё на волі, няма часу: “Так стамляюся, што адразу валюся спаць”.

Палітвязень адбываў па чарзе два тэрміны. Першы раз яго затрымалі ў справе аб Плошчы-2010 і звінавацілі ва ўдзеле ў падзеях, а таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў падчас акцыі. Яму далі 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праз восем месяцаў, у верасні 2011 года, вызвалілі разам з некалькімі памілаванымі Лукашэнкам палітвязнямі.

Аднак ужо ў лістападзе арыштавалі зноў. Другую крымінальную справу распачалі нібыта за крадзеж каляровых металаў (пасля выхаду на волю Аляксандр не мог уладкавацца на працу і збіраў металалом). За гэта ён атрымаў 1,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень вызваліўся з папраўчай калоніі № 14 на ст. Навасады. У пакоі, дзе ён жыў, было ад 30 да 40 чалавек

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем інфармацыі palitviazni.info

Глядзі таксама
Каментары