Як КДБ трымае ксяндзоў пад прыцэлам


Арыштаваны КДБ ксёндз Уладзіслаў Лазар ніколі не меў праблемаў з уладамі, распавядае прыхаджанка Наталля Дарашкевіч. Яны пазнаёміліся, калі святар працаваў у Менскім кафедральным касцёле.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар. Фота catholic.byКсёндз Уладзіслаў Лазар. Фота catholic.by“Гэта выдатны ксёндз і цудоўны чалавек. Ён ніколі не ўцягваўся ў палітычную дзейнасць, а звінавачанне яго ў шпіёнстве – гэта ўвогуле нейкі абсурд. Ён не меў антыўрадавых поглядаў, але заўсёды гаварыў уголас тое, што думаў. Я ніколі не чула, каб ён сказаў штосьці супраць уладаў, але ён заўсёды выступаў за праўду, і не толькі з амбону. Ніколі, аднак, не заклікаў да нейкіх дзеянняў“, – распавядае Наталля. Яна не ведае, ці былі ў ксяндза Лазара раней праблемы з КДБ, але дадае, што беларускія службы цікавіцца дзейнасцю каталіцкіх святароў.

“Каталіцкі касцёл у Беларусі не падпарадкаваны ўладам. Вядома, што ён мае значны ўплыў на фарміраванне грамадскай думкі, там ксяндзы нярэдка апынаюцца на прыцэле ў КДБ”, – тлумачыць Наталля.

Ейныя словы пацвярджае польскі святар, якога нядаўна выдалілі з Беларусі нібыта за парушэнне заканадаўства і забаранілі ўязджаць у нашу краіну. Ён просіць не называць ягонага прозвішча, каб не справакаваць рэпрэсіяў у дачыненні да ягоных калегаў, якія засталіся ў Беларусі.

КДБ хоча выдаліць усіх ксяндзоў, якія працуюць крыху іначай, чым хацелі б людзі ў пагонах. Перада мною таксама працаваў ксёндз, якога выслалі за “палітычную дзейнасць”, як яны гэта называюць. Кіраўнік КДБ мне наўпрост сказаў, што я занадта шмат сабе дазваляў. Калі б я займаўся выключна пажылымі людзьмі і не выходзіў па-за межы парафіі, праблемаў не было б”.

Ксяндзы, якія прыязджаюць да нас з-за мяжы, у выпадках канфліктаў з мясцовымі ўладамі могуць разлічваць на дапамогу дыпламатаў сваёй краіны. Ксёндз Уладзіслаў Лазар як грамадзянін Беларусі можа спадзявацца толькі на заступніцтва Ватыкана.

Дапамагчы яму спрабуюць вернікі і знаёмыя. Яны заклікаюць беларускіх каталікоў маліцца за арыштаванага ксяндза ў нядзелю, 4 жніўня, і замаўляць за яго набажэнствы. У інтэрнэце збіраюць подпісы пад двума петыцыямі. Першая – гэта заклік да мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча супрацьдзейнічаць плёткам, якія ганьбяць рэпутацыю Каталіцкага касцёла ў Беларусі. Другая – да старшыні Вярхоўнага Суда нашай краіны з патрабаваннем назваць прычыны арышту і правесці сумленны і адкрыты суд.

АК, Караліна Русіновіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары