Каго запішуць у тэрарысты?


Паводле зацверджанай канцэпцыі барацьбы з тэрарызмам, шанцы трапіць у гэтую не самую добранадзейную катэгорыю значна павялічыліся.

Няма сэнсу спрачацца з тым, што такі дакумент, які не толькі вызначае паняцце тэрарызму, але і крыніцы гэтай пагрозы, у нашай краіне неабходны. Куток стабільнасці ў цэнтры Еўропы тэракты не абмінулі. Аднак, як гэта часта бывае з патрэбнымі ініцыятывамі ў нашай краіне, выйшла, як заўсёды.

У Савецкім Саюзе быў артыкул за «барацьбу супраць Савецкага дзяржаўнага ладу». Ён трактаваўся надзвычай шырока, у выніку чаго за краты можна было трапіць нават за крытыку старшыні калгасу. Законы сучаснай Беларусі ў гэтым плане не на шмат адстаюць ад практыкаў СССР. Новапрыняты дакумент кажа, што адна з крыніцаў тэрарызму – «выкарыстанне ў палітычнай, грамадскай ці іншай дзейнасці захадаў, загадзя скіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае нагнятанне напружанасці ў грамадстве, што стварае пагрозу закалотаў, <…> у выніку якіх можа ўзнікнуць небяспека для жыцця і здароўя людзей».

Палітолаг Валер Карбалевіч звяртае ўвагу, што ў дакуменце аніяк не тлумачыцца, што такое гэтая ўжо ўсім набіўшая аскому дэстабілізацыя.

{movie}Валер Карбалевіч пра “Канцэпцыю барацьбы з тэрарызмам”|right|11847{/movie}

«Гэта могуць быць і акцыі апазіцыі, і нейкія стыхійныя пратэсты незадаволеных грамадзянаў, і нават пратэсты супраць забудоваў – усё гэта можна расцаніць як дэстабілізацыю», – адзначае ён.

Больш за тое, карані тэрарызму, паводле стваральнікаў дакументу, растуць з «паслаблення патрыятызму і традыцыйных маральных каштоўнасцяў у моладзевым асяроддзі праз недастатковы ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці, дэструктыўнага ўплыву інфармацыйнага ўздзеяння на працэс сацыялізацыі моладзі ды таксама праяўленне тэндэнцыяў да росту сацыяльнага расслаення».

Зноў, абсалютна не зразумела, што такое гэткія маральныя каштоўнасці, паслабленне якіх – тэрарыстычная пагроза. Праўда, гэты абсурдны працэс, дзякуючы якому цяпер амаль любая пратэставая ці апазіцыйная дзейнасць можа лічыцца тэрарызмам, пачаўся яшчэ летась. У чэрвені 2012 года Палата прадстаўнікоў змяніла паняцце «тэрарызму» – з таго моманту гэта перастала быць дзеяннем, а стала з’яваю.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў