Як свет адрэагаваў на спыненне супрацы «Беларуськалію» і «Уралкалію»


«Гэта неверагодна… Нібыта Саудаўская Аравія выйшла з АПЭК», – пракаментавала ўчорашні разрыў паміж калійнымі гігантамі менеджар «Brompton Group» Лора Лаў для «The Wall Street Journal».

Учора стала вядома, што рада дырэктараў «Уралкалію» пастанавіла спыніць продаж сваёй прадукцыі праз «Беларускую калійную кампанію» (БКК). Новым экспарцёрам расейскага калію стане даччыная кампанія «Уралкалій-Трэйдынг».

Хто на гэтым страціў?

Маскоўская біржа была вымушаная прыпыніць гандаль акцыямі «Уралкалію» – адразу пасля заявы аб разрыве гандлёвых адносінаў, уладальнікі кампаніі згубілі амаль $ 1 млрд. За дзень каціроўкі акцыяў кампаніі ўпалі на 19 %. Прыблізна на столькі ж абваліліся акцыі меншых вытворцаў калійных угнаенняў – агульныя страты калійных кампаніяў склалі $ 18 млрд за адзін дзень.

Замежныя эксперты разыходзяцца ў меркаваннях: адныя заклікаюць рынак да спакою, заяўляючы, што гэтае рашэнне паўплывае на кошты толькі ў кароткай перспектыве. Іншыя, як аналітык агенцтва «BMO Capital Markets» Джоўэл Джэксан, не стрымліваюцца ў ацэнках. «Гэта – канец свету калійных угнаенняў, якім мы яго ведалі», – цытуе адмыслоўцу «Financial Times».

Эксперты «The Wall Street Journal» кажуць пра магчымасць зніжэння цэнаў на прадукты ўва ўсім свеце, што будзе вынікам меншага кошту калійных угнаенняў. «Беларуськалій» і «Уралкалій» – найбуйнейшыя вытворцы калійных угнаенняў у свеце, і іхны альянс фактычна фармаваў кошт на гэтыя прадукты. Калі рынак не супакоіцца ў найбліжэйшы час, то буйныя кампаніі павялічаць вытворчасць для павялічэння сваёй долі, што яшчэ мацней зменшыць кошты на калійныя ўгнаенні.

На карысць Індыі ды Кітаю.

Гэтая навіна дакладна падняла настрой усім буйным фермерам. Аднак галоўнымі беніфецыянтамі стануць, хутчэй за ўсё, Індыя з Кітаем, чые патрэбы на калійныя ўгнаенні імкліва растуць. Крыніца «Газеты.ru» у Міністэрстве сельскай гаспадаркі кажа, што менавіта задзіночаная пазіцыя гэтых дзвюх краінаў «недвухсэнсоўна дала зразумець кіраўніцтву Беларусі, што выгодней будзе экспартаваць хлоркалій без расейцаў».

«Беларуськалій» рыхтуе удар ў адказ

Беларускі экспарцёр нібыта быў гатовы да такога павароту падзеяў і ўжо сёння распаўсюдзіў заяву пра новую стратэгію продажаў у сувязі са зменамі ўмоваў на калійным рынку. Яе маюць зацвердзіць найбліжэйшым часам.

У заяве падкрэсліваецца, што рашэнне расейскага партнёра было прынятае без кансультацыяў з сузаснавальнікам ЗАТ «БКК» – «Беларуськаліем».

«ААТ «Уралкалій» і раней ажыццяўляла продажы асноўнай часткі свайго тавару праз уласную даччыную кампанію «Уралкалій-Трэйдынг». За 2012 год і першае паўгоддзе 2013 года расейскае прадпрыемства прадавала праз ЗАТ «БКК» крыху больш як 20 % агульнага аб`ёму хлорыстага калію, што ішоў на экспарт», – гаворыцца ў заяве.

На гэткім фоне смешна гучаць словы першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі пра хуткае стварэнне новай супольнай кампаніі – «Саюзкалію». «Праца для стварэння «Саюзкалію» ідзе, але крыху не тымі тэмпамі, як гэта раней планавалася. Я думаю, да сярэдзіны наступнага года «Саюзкалій» запрацуе».

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў