150 МАЗаў, якія былі скрадзеныя з Менскага аўтазаводу, знайшлі ва Украіне


Фота ssu.gov.ua

Працаўнікі Службы бяспекі Украіны канфіскавалі 150 цяжкавікоў МАЗ з прычэпамі, якія зламыснікі скралі ў Менскага аўтамабільнага заводу.

Украінскія праваахоўнікі, сумесна са спецыялістамі МАЗ, на некалькіх аўтатранспартных прадпрыемствах Мікалаеўскай вобласці выявілі машыны, якія знаходзіліся ў вышуку ў Беларусі.

У 2013 годзе камерцыйная структура заключыла дагавор на пастаўку 150 грузавых аўтамабіляў маркі МАЗ і прычэпаў да іх коштам больш за 15 млн. долараў ЗША. Атрыманыя грузавікі перапрадалі іншым прадпрыемствам, а грошы зламыснікі перавялі ў наяўныя з выкарыстаннем падстаўных камерцыйных структураў і прысвоілі.

Фота ssu.gov.ua

8-19 кастрычніка аператыўнікі спецслужбаў зладзілі шэраг ператрусаў на аўтатранспартных прадпрыемствах Хмяльніцкай, Запарожскай, Чаркаскай, Кіраваградскай і Чарнігаўскай вобласцяў. Па выніках ператрусаў у кастрычніку было канфіскавана больш за 100 цяжкавікоў.

Фота ssu.gov.ua

Астатнія 50 МАЗаў знайшлі на прадпрыемствах Мікалаеўскай вобласці Украіны, аб чым Служба бяспекі Украіны паведаміла на сваёй старонцы  23 студзеня.

Фота ssu.gov.ua

Працягваецца дасудовае расследаванне па частцы 4 артыкулу 190 (махлярства) Крымінальнага кодэксу Украіны. Пасля правядзення неабходных працэдураў аўтамабілі вернуць беларускаму заводу.

ВД, паводле ssu.gov.ua

Глядзі таксама
Каментары