Міністэрства аховы здароўя заахвочвае жанчын нараджаць у радзільнях, а мужчынаў – да партнёрскіх родаў.
Старшыня ўпраўлення арганізацыі медычнай дапамогі Алена Богдан паведаміла, што 100–150 беларусак у год нараджае па-за домам. Спецыялістка адзначыла, што 90 % гэтых жанчын трапляюць пазней да лекараў з ускладненнямі.
«Роды ўдома – гэта пагроза здароўю жанчыны і дзіцяці», – лічыць Богдан.
«Аргумент пра тое, што «нашыя бабулі нараджалі ў полі», – слабы. Гэтак, летась не было жанчын, якія памерлі падчас родаў, дзіцячая смяротнасць склала каля трох праміле. А ў XIX стагоддзі гэтыя паказнікі на нашай тэрыторыі былі прыкладна 120 і 300 адпаведна», – кажа Богдан.
Паводле спецыялісткі, акушэрства на хаце «знаходзіцца па-за законам» – у Беларусі ніхто з медыкаў не мае ліцэнзіі на такую родавую дапамогу.
Бацькоўскія правы ў адносінах да дзяцей, народжаных па-за медычнай установай, усталёўваюцца праз суд.
Адказваючы на пытанне пра сацыяльны партрэт жанчын, якія нараджаюць дзяцей удома, Богдан сказала, што сярод іх ёсць прадстаўніцы розных сацыяльных слаёў, узроўню адукацыі і прыбытку. Некаторыя выбіраюць роды ўдома з-за больш спакойнай абстаноўкі і гуманнай атмасферы. На гэты конт спецыяліст выказала меркаванне, што «шлях да гуманізацыі родаў – гэта партнёрскія роды».
«Калі мужчына праходзіць з жанчынай праз перадродавы перыяд, не падае ў прытомнасць у радзільнай зале, ягоны ўдзел становіцца вялікім падтрыманнем. Акрамя таго, прысутнасць бацькі пры родах дысцыплінуе медперсанал», – сказала Богдан.
Яна таксама дадала, што ў большасці менскіх радзільняў, а таксама ў буйных медычных цэнтрах у рэгіёнах пры родах вядзецца відэаназіранне. Прагляд запісу захоўваецца цягам месяца.