Брэйвік хоча паступіць ва ўніверсітэт. Адміністрацыя турмы не супраць


«Тампліер», масон і забойца 77 чалавек, які цяпер адбывае пакаранне ў 21 год турмы, падаў дакументы ў прыёмную камісію ўніверсітэту Осла. Тэрарыст хоча паступіць на завочнае аддзяленне факультэта паліталогіі.

Як паведамляе мясцовы партал «The Local», кіраўнік турмы, у якой сядзіць Андэрс Брэйвік падтрымлівае ягонае жаданне, аргументуючы гэта тым, што «пасля вызвалення адукаванаму злачынцу будзе лягчэй знайсці працу ды вярнуцца да нармальнага жыцця».

Праўда, ягонага аптымізму не падзяляюць улады ўніверсітэта ў Осла – там мяркуюць, што ягоныя злачынствы выходзяць за межы простага крыміналу. Разам з гэтым, вучэльня пастанавіла разгледзець просьбу тэрарыста, выкарыстоўваючы самыя строгія працэдуры падчас магчымага залічэння Брэйвіка ў лік студэнтаў.

У чэрвені 2011 года ён зладзіў выбух у Осла, які меў адцягнуць увагу паліцыі ад галоўнай мэты ягонага змагання супраць “паўзучай ісламізацыі Еўропы”. Брэйвік паехаў у моладзевы летнік кіроўнай партыі краіны, дзе забіў дзясяткі чалавек і параніў яшчэ 151. Суд прыгаварыў яго да самага суворага пакарання ў Нарвегіі – 21 года турмы.

Герой артыкулу яшчэ падчас суду праславіўся неадназначнымі, хутчэй здзеклівымі ўчынкамі. Гэтак, на пытанне, ці шкадуе ён, што здейсніў гэтае жахлівае злачынства, Брэйвік заявіў: шкадуе толькі, што аднойчы задавіў мышку, рыхтуючыся да тэракту.

Пасля ён заявіў, што ягоныя дзеянні былі ні чым іншым, толькі… самаабаронаю.

У адказ на шматлікія публікацыі ў медыях датычна выдатных умоваў, у якіх тэрарыст адбывае пакаранне (3-пакаёвая адзіночная камера, абмежаваны доступ да інтэрнэту, спартовая зала), Брэйвік паскардзіўся на тое, што ў камеры няма вільготніка паветра, а самая яна дрэнна абсталяваная, бо не мае вокнаў. Больш за тое, яму націралі рукі жорсткія кайданкі, а каву прыносілі ўжо халоднаю. Пенітэнцыярная сістэма Нарвегіі ніяк не адказала на гэтыя скаргі.

А сёлета ў чэрвені, Брэйвік адмовіўся ад спадчыны памерлай маці на карысць сястры, каб ахвяры злачынстваў не змаглі атрымаць кампенсацыі за ягоны кошт.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў