Святкаванні 1025-годдзя Хрышчэння Русі ў Менску


Урачыстасці распачаліся з хроснага ходу ад храму Святой Марыі Магдалены да праспекту Пераможцаў да месца святочнай імшы. Згодна з праваслаўнаю традыцыяй, нягледзячы на прысутнасць патрыярха Кірыла, літургію на царкоўнаславянскай і грэцкай мове ўзначаліў Патрыярх Александрыйскі Тэадор.

{movie}Хросны ход і ўрачыстае набажэнства ў Менску|right|11810{/movie}

Таксама ў Менск прыехала адна з самых важных святыняў Праваслаўнай Царквы – Крыж Андрэя Першазванага, які ўпершыню пакінуў Грэцыю, “дзеля духоўнага падтрымання”.

У адрозненне ад святкаванняў ва Украіне, у Менску не было VIP-імшы для абраных. На літургіі ды хросным ходзе прысутнічала каля 30 000 вернікаў. З іншага боку, у беларускую сталіцу не прыехалі кіраўнікі шэрагу краінаў, як гэта было ў Кіеве. Аляксандр Лукашэнка таксама не ўшанаваў сваёй прысутнасцю як урачыстасці ва Украіне, так і ў Менску.

Але, натуральна, што кіраўнік Беларусі не мог не падзяліцца сваімі думкамі пра гэтую падзею. Раней, на будове аквапарку, Лукашэнка выказаў меркаванне, што Праваслаўная Царква патрабуе рэфармавання – між іншага, лідару Беларусі не падабаліся “доўгія богаслужэнні”. Сёння рэфарматарскіх ідэяў не прагучала, затое перапала Захаду.

“Апошні час мы назіраем узмацненне крызісу заходняй цывілізацыі. Не проста фінансавы ці эканамічны разлад, але глыбокі крызіс маралі ды духоўнасці”, – цытуе Лукашэнку БелТА.

Пасля кіраўнік Беларусі адзначыў моц адзінства славянскіх народаў, якое вынікае перадусім з праваслаўнай веры, якая, паводле яго, ёсць гарантам стабільнасці ў грамадстве.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў