КДБ арыштаваў ксяндза Уладзіслава Лазара


«Каля месяца таму быў арыштаваны і сядзіць у турме КДБ ксёндз Уладзіслаў Лазар, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве», – піша незалежны журналіст Кастусь Шыталь на сваім профілі ў «Facebook’у».

«Ксёндз Уладзіслаў Лазар – цудоўны чалавек. Толькі такія людзі і могуць ісці па шляху святарства. Кожнага, хто да яго звяртаецца, сустрэне з усмешкаю, якая выклікае прыхільнасць і давер. Людзі яго вельмі паважаюць. Улады раёну таксама паважаюць ксяндза Уладзіслава, лічацца з ім, а калі ўзнікае пільная патрэба, то і дапамогуць», – пішуць пра арыштаванага парафіняне з Мар’інай Горкі.

Паводле неафіцыйнае інфармацыі, перамовы з уладамі Беларусі ў справе арышту святара вядзе апостальскі нунцый Ватыкану ў Беларусі арцыбіскуп Кляўд’ё Гуджэроцці.

26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на будаўніцтве менскага аквапарку паведаміў журналістам, што працаўніка беларускіх спецслужбаў затрымалі за працу на замежныя дзяржавы. «Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але праз ягоную дзейнасць пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжою», – заявіў кіраўнік краіны.

Ксёндз Лазар раней служыў у Мар’інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Менскай вобласці), а ў красавіку яго прызначылі адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве (Менская вобласць). Ён – грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гарадзенскай семінарыі, а затым – у Польшчы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў