Партыя БНФ будзе пратэставаць супраць расейскай вайсковай базы


Апазіцыйная партыя заяўляе пра намер зладзіць акцыі пратэсту і звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем правесці грамадскія слуханні ў пытанні размяшчэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы.

«У выпадку адмовы мы будзем ініцыяваць правядзенне нефармальных слуханняў, куды запросім ваенных і экспертаў», – паведаў лідар партыі Аляксей Янукевіч.

Таксама Партыя БНФ вырашыла падаваць заяўкі на правядзенне пікетаў з мэтаю выказвання пратэсту супраць размяшчэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы.

«Нават калі ўлады не дазволяць іх правесці, сам факт звяртання будзе інфармацыйнаю нагодаю, каб расказаць людзям аб праблеме», – зазначыў Янукевіч.

Як паведамлялася раней, 27 ліпеня Партыя БНФ мела намер правесці каля расейскай амбасады пікет супраць размяшчэння ў Лідзе расейскай вайсковай базы. Аднак Менгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні, матывуючы сваё рашэнне тым, што заяўка не адпавядае заканадаўству аб масавых мерапрыемствах, а таксама не зразумела, якія захады будуць прымаць заяўнікі для забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў пікету. Апроч таго, у пісьмовым адказе з гарвыканкаму зазначаецца, што правядзенне пікету можа стварыць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху.

На думку Партыі БНФ, размяшчэнне на тэрыторыі краіны расейскіх вайсковых баз і аб’ектаў супярэчыць нацыянальным інтарэсам і Канстытуцыі Беларусі, а таксама ставіць пад пагрозу бяспеку кожнага беларуса.

Расейская авіябаза будзе дыслакавацца ў Лідзе і пачне функцыянаваць ужо ў 2013 годзе. Уладкуе базу беларускі бок, Расея будзе ў гэтым дапамагаць.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў