1025 гадоў хрышчэнню Русі ў Кіеве: эксклюзіўны малебен, ды інтэграцыйная прамова Пуціна


Гадавіна святкуецца з размахам: ва ўкраінскую сталіцу з’ехаліся патрыярхі і мітрапаліты ўсіх праваслаўных памесных цэркваў, прэзідэнты Расеі, Малдовы ды Сербіі. Разам з імі ў Кіеў прыехаў крыж апостала Андрэя Первазванага, які ўпершыню пакінуў Грэцыю.

Урачыстасць не для ўсіх

Каб мерапрыемствам нічога не перашкаджала, ідэолага жаночага руху “Femen” збілі напярэдадні прыезду высокіх гасцей. А захады бяспекі на ўрачыстым малебне былі проста беспрэцэдэнтныя.

Вернікі маглі толькі назіраць за ўрачыстым малебнам праз шчыльныя кардоны міліцыі. Імша адбывалася каля помніку князю Уладзіміру Вялікаму, плошчу акалілі загараджальнымі шчытамі, уздоўж іх стаялі манашкі. На VIP-імшу для 350 высокіх гасцей не прапускалі не толькі звычайных вернікаў, але нават дэпутатаў і святароў.

Што да тых, хто намагаўся прынамсі краем вока ўбачыць Патрыярха Кірыла ды іншых удзельнікаў эксклюзіўнага малебну, то, як паведамляюць “Украінскія навіны”, ахова забірала ў вернікаў не толькі мінеральную ваду ў пластыкавых бутэльках, але таксама прасфоры і царкоўныя кулічы. Паколькі забраную асвечаную ежу не было куды паставіць, кулічы складвалі проста на зямлю.

Інтэграцыя вакол РПЦ?

На сустрэчы з іерархамі праваслаўнай царквы Уладзімір Пуцін падзяліўся думкамі пра адзінства расейскага і ўкраінскага народу, якое “настолькі моцнае, што не зазнае ніякага дзеяння ўладаў – ні дзяржаўных, ні нават, дазволю сабе сказаць, царкоўных. Бо няма нічога мацнейшага за ўладу Бога над людзьмі”.

Пасля расейскі прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам украінскай царквы і не забыўся нагадаць пра выгоды эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. “Упэўнены, што пераважная большасць прысутных тут разумее, што толькі яднаючы намаганні мы можам быць канкурэнтаздольнымі і перамагчы ў гэтай даволі жорсткай канкурэнтнай барацьбе”, – цытуе Пуціна ИТАР-ТАСС.

Не абышлося і без пратэстаў, даволі сціплых, дарэчы. З тузін украінцаў правялі дэманстрацыю супраць “расейскага імперыялізму” ды візіту Патрыярха Кірыла і Пуціна.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў