Вольга Някляева: Магчыма, у КДБ будуць пытаць пра збіццё мужа


Жонку экс-кандыдата на прэзідэнта выклікалі на допыт у якасці сведкі.

Праўда, супрацоўнік камітэту, што тэлефанаваў жонцы экс-кандыдата на прэзідэнцтва, адмовіўся патлумачыць, па якой справе. Допыт мае адбыцца 11 лютага а 9.30.

«Толькі сказалі, што позву на допыт уручаць заўтра на месцы. Таму магу толькі здагадвацца, што ў сувязі з падзеямі 19 снежня», – паведаміла «Белсату» Вольга Някляева. Жанчына зазначае, што падчас закалотаў на плошчы Незалежнасці яе не было, яна заставалася ў шпіталі побач са збітым мужам.

Уладзімір Някляеў пацярпеў увечары 19 снежня ад «невядомых». На меркаванне шматлікіх відавочцаў і журналістаў, што прысутнічалі пры захопе калоны Някляева, напад здзейснілі супрацоўнікі аднаго са спецпадраздзяленняў МУС. Аднак міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў заявіў, што «міліцыя Някляева не збівала».

Вольга Някляева не выключае, што падчас допыту будуць высвятляць, што ёй вядома пра збіццё мужа. «Хутчэй за ўсё прымусяць падпісаць падпіску аб неразгалошванні. Такім чынам яны імкнуцца закрыць рот усім, каму робіцца хоць штосьці вядома пра ход следства», – зазначае Вольга Някляева.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары