Кульмінацыя ўсенароднага свята ў Паўночнай Карэі


Рэкорднае шоу «Аліранг» з больш як 100 тыс. актораў і маштабны вайсковы парад. З нагоды 60-й гадавіны Карэйскай вайны, у якой Пхеньян лічыць сябе абсалютным пераможцам, усемагчымыя святочныя імпрэзы цягнуліся цэлы тыдзень.

Раней мы пісалі пра школьныя экскурсіі, на якіх вучні пачатковых класаў умацоўваюць класавую нянавісць да амерыканцаў, японцаў ды іншых імперыялістаў. Ды таксама пра эпічнае танцавальнае шоу, у якім бралі ўдзел 30 тыс. танцаўнікоў.

Усё гэта аказалася ўсяго генеральнаю рэпетыцыяй учорашняга неверагоднага шоу «Аліранг» з удзелам 100 тыс. актораў! Галоўнымі гледачамі былі вялікі лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын і прэзідэнт Кітаю Лі Юань Чаў. Каб падтрымаць урачыстую атмасферу, гледачам раздалі падарункі ад таварыша Кім Чэн Ына – па порцыі сушы для кожнага з дзясяткаў тысяч гледачоў.

{movie}Стотысячны “Аліранг” на 60 угодкі заканчэння карэйскай вайны|right|11796{/movie}

Велічнае шоу ў танцавальнай форме рэпрэзентавала гісторыю Паўночнай Карэі ды Карэйскай вайны, у якой, паводле дзяржаўнай ідэалогіі, таварыш Кім Ір Сэн выказаў неймаверную мужнасць і смеласць, практычна асабіста знішчыўшы амерыканскія ды паўднёвакарэйскія войскі.

Шоу не забыла і пра іншыя дасягненні камуністычнай дынастыі. Гэтак, гледачам нагадалі пра ліквідацыю непісьменнасці, перамогу над голадам 1995–1999 гадоў і пра ракетную праграму Пхеньяну ды першы спадарожнік.

Голад пачаўся з прыходам да ўлады Кім Чэн Іра. Тады праз неэфектыўную планавую эканоміку ды паводку памерла да 3 млн асобаў, Пхеньян звярнуўся па дапамогу да ААН толькі тады, калі катастрофа ўжо забрала жыцці сотняў тысяч чалавек. Але нават калі назіральнікі Чырвонага Крыжа прыехалі ў Паўночную Карэю, улады не дазволілі ім адэкватна ацаніць маштабаў трагедыі. На афіцыйным узроўні дасюль паведамляюць пра… 10 тыс. загінулых.

Вялікі лідар не даглядзеў шоу да канца. Разам з прэзідэнтам Кітаю яны пакінулі імпрэзу за колькі хвілінаў да канца.

А сёння Кім Чэн Ын і Лі Юань Чаў прынялі велічны вайсковы парад на плошчы імя Кім Ір Сэна. Асаблівую ўвагу кітайскі госць звярнуў на новую карэйскую ракету сярэдняга радыюсу «Мусудан». Яна можа пацэліць у любы горад Паўднёвай Карэі, даляцець да Японіі і ў тэорыі даляцець да выспы Гуам, дзе застаецца амерыканская вайсковая база.

{movie}Святочны парад у Пхеньяне|right|11797{/movie}

Гістарычная даведка

Пасля сканчэння Другое сусветнае вайны СССР і ЗША пастанавілі падзяліць вызваленую ад японцаў Карэйскую паўвыспу. На жаль, невядома, каму прыйшла да галавы геніяльная ідэя правесці дэмаркацыйную лінію па 38-й паралелі. Гэткім чынам на Поўдні апынулася сталіца і большая частка насельніцтва. Пасля актыўнай ідэалагічнай апрацоўкі з абодвух бакоў былыя суграмадзяне глядзелі на суседзяў як на кроўных ворагаў і пачалі актыўна нарошчваць узбраенне.

Паколькі Кітай паабяцаў Паўночнай Карэі дапамогу таксама і ў выглядзе жывой сілы, Пхеньян прыйшоў да высновы, што рабочых і сялянаў Паўднёвай Карэі трэба вызваляць неадкладна. Найлепш – з дапамогаю танкаў і дывановых бамбаванняў.

25 чэрвеня 1950 года Паўночная Карэя рушыла на паўднёвых суседзяў. Сеул захапілі праз 4 дні, а яшчэ праз колькі тыдняў 90 % паўвыспы было ў руках камуністаў. Аднак, як не дзіўна, усенароднага паўстання не адбылося, таму ўжо ў верасні хада вайны кардынальна змянілася – 90 % паўвостраву разам з Сеулам была ўжо на баку Паўднёвай Карэі ды амерыканскіх саюзнікаў. Урэшце Кітай узяў справы ў свае рукі ды адкінуў праціўнікаў да дэмаркацыйнай лініі. Пасля чаго працягвалася не менш крывавая пазіцыйная вайна, у якой менавіта Кітай панёс самыя цяжкія страты – 150 тыс. асобаў.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў