Штраф за жуйку, або нацыянальныя асаблівасці адпачынку


Іспанцы штрафуюць кіроўцаў без шлёпанцаў, грэкі не любяць кампліментаў, а ў Венецыі забаронена карміць галубоў. Што трэба ведаць пра традыцыі краінаў, у якіх збіраецеся адпачываць, каб не трапіць у паліцыю?

Іспанская паліцыя не чытае па-ангельску

У Наталлі Поткінай, якая адпачывала ў Барселоне, скралі торбачку з пашпартам. Зразумела, што без яго яна не магла вярнуцца на Радзіму. Пацярпелая звярнулася ў іспанскую паліцыю, але адмовіліся прымаць заяву аб скрадзеных дакументах, бо яна… была напісаная па-англійску, а не па-іспанску. У выніку, у «Фэйсбуку» разгарэлася сапраўдная дыскусія, як дапамагчы спадарыні.

Складанасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што ў Іспаніі няма беларускай амбасады. Наталля Плоткіна звярталася ў расейскую, але там дапамагчы ёй адмовіліся. Дарэчы, гэты факт выклікаў у інтэрнэце хвалю абурэння, маўляў, Беларусь і Расея будуюць саюзную дзяржаву, але сваім грамадзянам не дапамагаюць. Таму, каб зрабіць сабе дакументы беларуска мусіла звяртацца ў найбліжэйшую амбасаду РБ у Францыі. Урэшце праблему вырашылі, але адпачынак пераўтварыўся ў страту нерваў і часу.

Што рабіць, каб адпачынак не ператварыўся ў жах?

Да адпачынку трэба рыхтавацца. Перад выездам даведайцеся на адмысловым сайце «www.belembassy.org», ці ёсць у той краіне беларуская амбасада, занатуйце яе адрас і нумар тэлефону. Менавіта яна мусіць дапамагчы тым, хто страціў пашпарт, праінфармаваць сваякоў у выпадку няшчаснага здарэння і гэтак далей. Калі амбасады ў гэтай краіне няма, то звяртацца можна ў дыпламатычныя пляцоўкі Беларусі ў суседніх краінах. Не саромейцеся звязацца з расейскаю або ўкраінскаю амбасадаю, часам там могуць нечым дапамагчы.

Абавязкова паінфармуйце родных і сяброў, куды вы едзеце. У шэрагу краінаў Афрыкі ды Лацінскай Амерыкі патрэбны міжнародны сертыфікат аб вакцынацыі супраць жоўтай ліхаманкі. Не будуць лішнімі ксеракопіі ўсіх дакументаў, якія маюць адносіны да паездкі. Іх можна захоўваць у асобным месцы на выпадак страты дакументаў. Калі вы трапілі ў нядобрую сітуацыю за мяжою, абавязкова паінфармуйце пра гэта дыпламатаў. Не падпісвайце пратаколаў або іншых дакументаў на замежнай мове без разумення іх зместу.

Варта напярэдадні выезду вывучыць краіну, у якую збіраецеся паехаць, якія там звычкі, як можна сябе паводзіць, а як не. Часам нават звычайныя нашыя жэсты або міміка могуць тлумачыцца жыхарамі іншай краіны як непрыстойныя або ўвогуле як пагроза. Інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце або патэлефанаваць у амбасаду краіны, куды збіраецеся паехаць.

Якія дзеянні, жэсты і міміка могуць справакаваць канфлікт?

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

Браць і прапаноўваць ежу, напоі або нейкія рэчы трэба толькі праваю рукою. Таксама пазбягайце правакацыяў: побач з вамі можа аказацца пераапрануты ў цывільнае паліцыянт. Затрыманы на вуліцы з бутэлькаю піва ў час Рамазану можа на месяц трапіць у турму. Пры гэтым піва або нават наркотыкі можа прапанаваць пераапрануты паліцыянт.

Арабскія краіны

Не трэба рабіць заўвагаў чалавеку, які спазняецца. Спазненне на 10–20 хвілінаў тут лічыцца нормаю, гэтак паводзіцца кожная асобы, якая паважае сябе.

Аўстралія, Ісландыя, Японія

Не трэба даваць «на гарбату» афіцыянту: ён можа палічыць гэта абразаю.

Грэцыя

Не рэкамендуецца ў гасцях хваліць нейкую вазу або карціну, бо гаспадар успрыме гэта, як просьбу яе падарыць.

Егіпет

Чалавек крыўдзіць таксіста, калі, едучы адзін, сядае на задняе крэсла. Трэба сядаць на пярэдняе побач з таксістам.

Іспанія

Паліцыянт пакарае кіроўцу, абутага ў шлёпанцы.

Італія

У Венецыі нельга карміць галубоў. За гэта давядзецца заплаціць штраф.

Кітай

Нельга дарыць жывыя кветкі. Лічыцца, што гэта – сімвал смерці, бо кветкі хутка завянуць.

Нарвегія

Не прынята саступаць месца ў грамадскім транспарце сталым людзям. Лічыцца, што гэткім чынам вы падкрэсліваеце сваю фізічную перавагу.

Нямеччына

Не эканомце на паліве. На аўтабанах нельга спыняцца, нават калі ў вас скончыцца бензін.

Сінгапур

Краіна вялікіх штрафаў. $ 1 тыс. можна аддаць за паленне ў зачыненых грамадскіх месцах – ліфтах, кінатэатрах, рэстарацыях, крамах. Рабіць гэта можна толькі ў адмыслова пазначаных месцах. За пераход дарогі ў нявызначаным месцы давядзецца заплаціць $ 500. Столькі грошай можна аддаць і за кінутае на зямлю смецце. $ 120 – штраф за язду без рэменю бяспекі. Нават за жаванне гумкі на вуліцы вы атрымаеце штраф.

Тайланд

Нельга пагладзіць чалавека па галаве. Лічыцца, што ў ёй – дух чалавека, які абараняе ягонае жыццё, і нават злёгку дакрануўшыся вы наносіце яму крыўду. Мясцовыя вельмі абражаюцца на турыстаў, якія залазяць на статуі Буды, каб сфатаграфавацца. Жанчынам у гэтай краіне нельга дакранацца да манахаў.

Кастусь Будчак / AK, belsat.eu

Стужка навінаў