Колькі каштуе першы курс? Апублікаваныя кошты навучання на дзённай форме


Пакуль студэнты цешацца з вакацыяў, універсітэты павялічваюць кошты на адукацыю ў сярэднім на 20 %.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце самым танным кірункам застаюцца беларуская і расейская філалогіі – год навучання каштуе 12 840 000 рублёў. Трохі даражэй будзе каштаваць год навучання будучых гісторыкаў – ад 14 160 000 рублёў. Каб вывучыцца на журналіста, давядзецца заплаціць за год 16 000 320 рублёў. Эканамісты заплацяць 17 400 000 рублёў, а тройца лідараў у коштах – спецыяльнасці “міжнароднае права”, “правазнаўства” і “эканамічнае права”, усе за 17 940 000 на год.

Традыцыйна найдаражэй каштуюць медычныя спецыяльнасці, прычым не толькі ў Менску, дзе, напрыклад, расцэнкі на стаматалагічным факультэце БДМУ павялічыліся адразу на 3 мільёны – да 19 150 000. Віцебск не моцна адстае ў гэтым плане ад сталіцы – 18 576 000 за год вучобы на аналагічным факультэце.

Не забыліся пра новыя кошты і ў БНТУ, дзе першы курс цяпер каштуе 15 360 000 рублёў.

У мінулым навучальным годзе нашая краіна ўпэўнена заняла першае месца ў Еўропе паводле кошту адукацыі. Беларусь утрымлівае гэткі вынік ужо другі год запар. На пачатку года Аляксандр Лукашэнка загадаў разабрацца з высокімі коштамі навучання, на што міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што студэнты і так вяртаюць толькі дзве траціны затратаў на навучанне.

“У нас датуецца платная адукацыя – траціну выдаткаў аплачвае дзяржава. На наступны год у бюджэце краіны не запланаваныя расходы на кампенсацыю студэнтам-платнікам”, – адрэзаў міністр. Не трэба думаць, што спадар Мацкевіч нічога не робіць для студэнтаў – тады ж ён заявіў, што на навучанне яны маглі б зарабіць і самі, бо “такая магчымасць створаная”. На жаль, чыноўнік не ўдакладніў, дзе першакурснік, напрыклад, стаматалагічнага факультэту можа зарабіць амаль 20 млн рублёў у вольны ад вучобы час.

У.Ш., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары