«Белсат» у Беларусі ды за мяжою


Адкуль паходзяць сучасныя беларусы і якою дзяржаваю было Вялікае Княства Літоўскае? Спазнаваўчыя і адукацыйныя праграмы нашага спадарожнікавага каналу трапляюць не толькі да гледачоў на Радзіме, але і да шматлікіх суайчыннікаў за мяжою. Таму роля гэткіх перадачаў сталася тэмаю прэзентацыі «Белсату» ў межах шостага З’езду беларусаў свету, які скончыўся сёння ў Менску.

{movie}«Белсат» у Беларусі ды за мяжою |right|11761{/movie}

МІХАСЬ ЯНЧУК, АФІЦЫЙНЫ ПРАДСТАЎНІК «БЕЛСАТУ»:
«Калі мы не будзем дбаць пра тое, каб у нас была адзіная слушная афіцыйная праўда, а пра тое вельмі добра дбае дзяржаўнае тэлебачанне, то ў нас і гістарычныя веды будуць у заняпадзе».

А таму адзін з кірункаў дзейнасці тэлеканалу – гістарычныя праграмы. І альтэрнатыўны погляд на гісторыю, гісторыя з гумарам, жывы сучасны фармат – сапраўды прываблівае.

АРТУР ЦУРБАКОЎ, МЕНЕДЖАР У ГАЛІНЕ ТУРЫЗМУ (ЭСТОНІЯ):
«Калі я ўбачыў першую праграму «Назад у будучыню», у мяне быў культурны шок. Бо яна падаецца не проста арыгінальнаю, а нефармальнаю і арыгінальнаю. У мяне быў шок, калі, напрыклад, пра Вітаўта Лявон распавядае з даху хмарачосу дзе-небудзь у Лондане».

А вось іншае тэлевізійнае падарожжа ў часе «Гісторыя пад знакам «Пагоні», якую робяць выбітныя аўтары – гісторыкі Уладзімір Арлоў і Алесь Краўцэвіч, цікавая не толькі дарослым, а таксама і дзецям. За мяжою гэта часцяком альтэрнатыва традыцыйным падручнікам.

ПАВЕЛ КОТАЎ, ДАКТАРАНТ, КАРЛАЎ УНІВЕРСІТЭТ (ЧЭХІЯ):
«Мне карысна было, напрыклад, у Празе, у нас ёсць нядзельная школка, я там дзецям гісторыю Беларусі выкладаю. Гэта дапамагае мультымедыялізаваць урок, занятак. Бо не толькі штосьці чытаем, не толькі глядзім у кніжках, але можна пачуць голас іншых гісторыкаў».

А вось як распавесці дзеткам па-беларуску ды перадусім цікава, што такое святло, як вусені ператвараюцца ў матылёў і што вывучае навука хімія? Як прывабіць уласнае малеча да беларускай мовы ды яшчэ калі яно жыве за мяжою? Ёсць такія, хто дзеля гэтага выбірае анімаваную спазнаваўчую праграму «Прыгоды і паходы» ды іншыя тэлевізійныя казкі, што паказвае «Белсат».

АЛЕСЬ ЧАЙЧЫЦ, БЛОГЕР, ПУБЛІЦЫСТ (РАСЕЯ):
«Я таксама беларус, які жыве ў замежжы, я – прадстаўнік дыяспары. Для мяне вельмі востра стаіць пытанне, каб маёй дачцэ зрабіць блізкай беларускую тэму, беларускую мову, каб яна гэта ўспрыняла і ёй гэта спадабалася».

Удзельнікі З’езду беларусаў свету атрымалі падчас прэзентацыі дыскі з адукацыйнымі ды спазнаваўчымі праграмамі «Белсату». Аднак даступныя праграмы нашага тэлеканалу і ў інтэрнэце.

МІХАСЬ ЯНЧУК, АФІЦЫЙНЫ ПРАДСТАЎНІК «БЕЛСАТУ»:
«Запрашаю ўсіх ахвотных наведваць наш сайт «Belsat.eu» і спампоўваць адтуль усё, што пажадаеце. Бо вельмі-вельмі шмат праграмаў выкладваецца ў сеціва і проста даступнае для спампавання – бескаштоўнага і неабмежаванага. Будзем спадзявацца, што гэта дапаможа вам выхоўваць вашых дзяцей беларусамі».

Выхоўваць беларусамі не толькі за мяжою, але і ў самой Беларусі.

Ганна Любакова, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў