Някляева вызвалілі ад пакарання (дапоўнена)


Сёння суд Ленінскага раёну Менску пастанавіў вызваліць Уладзіміра Някляева ад пакарання ў звязку з тым, што той адбыў адтэрміноўку без парушэнняў.



Напярэдадні паседжання Някляеў не выключаў, што абвінавачванне супраць яго могуць зняць. “Калі сыходзіць са спробаў уладаў нейкім чынам пачаць нармальныя адносіны з Еўразвязам, то можна чакаць рашэння суда, падобнага да вынікаў разгляду справы Ірыны Халіп“, – зазначыў палітык.

Суд адбыўся без Някляева

Паўторны разгляд крымінальнай справы Някляева меўся адбыцца ў судзе раніцаю 25 ліпеня. Аднак, калі палітык прыйшоў у суд, яго проста азнаёмілі з рашэннем суда, якое, як высветлілася, прынялі яшчэ 23 ліпеня ў адсутнасць Някляева. Суддзю Вольгу Коцур, якая прымала гэтае рашэнне, палітык так і не ўбачыў – яна бярэ удзел у іншым працэсе.

{movie}Някляеў пасля суда|right|11762{/movie}

«Гэта яшчэ раз паказвае, у якім стане знаходзіцца ў Беларусі правасуддзе», – сказаў Някляеў, каментуючы журналістам рашэнне суда.

Ён заявіў, што мае намер «і далей змагацца за свабоду ў Беларусі». «Сённяшнім рашэннем суд проста перавёў мяне з асобнай камеры ў агульную, у якой знаходзіцца ўся Беларусь. Мы ўсе ў краіне застаемся калі не вязнямі, то закладнікамі ўлады», – падкрэсліў Някляеў.

Паводле палітыка, у судзе яму так і не змаглі патлумачыць, чаму позву з’явіцца туды выпісалі яму на 25 ліпеня, а не на 23-га, калі прайшоў суд. «Мяне толькі спыталі, няўжо я незадаволены з рашэння?» – распавёў Някляеў.

20 траўня 2011 года суд Фрунзенскага раёну Менску вынес рашэнне паводле крымінальнай справы аб масавых закалотах 19 снежня 2010 года. Палітыка прызналі вінаватым паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і асудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання прысуду на 2 гады.

{movie}Напад на Някляева (архіў)|right|11757{/movie}

Экс-кандыдата на прэзідэнта затрымалі да прывезлі ў следчы ізалятар КДБ у ноч з 19 на 20 снежня 2010 года проста з лякарні хуткай дапамогі. У больніцу Някляеў трапіў пасля таго, як на калону з яго прыхільнікамі, якая рухалася на Кастрычніцкую плошчу Менску для ўдзелу ў апазіцыйным мітынгу, напалі невядомыя ў чорнай вопратцы і масках.

Ад удараў палітык страціў прытомнасць, і яго адвезлі ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмаю сярэдняй цяжкасці. Усё гэта адбывалася ў той час, калі Някляеў афіцыйна яшчэ быў у статусе кандыдата на прэзідэнта.

МЛ, Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Фота БелаПАН

Стужка навінаў