Расейская газета б’е трывогу: палякі амаль захапілі Беларусь


Большасць беларускіх партыяў – прапольскія, “Белсат” і незалежныя радыёстанцыі авалодваюць розумам беларусаў, а расейцаў становіцца ўсё менш. Беларускі ўрад, дэманструючы прывязанасць да Расеі, паціху аднаўляе за дзяржаўныя грошы польскія помнікі. Гэткім чынам сітуацыя ў Беларусі абмаляваная ў артыкуле “Беларусь на сутыку”, які змясціла інфармацыйна-аналітычнае сеціўнае выданне “Сегодня.ру”. Тэкст артыкулу мы прыводзім цалкам:

Беларусь – самая “польская” краіна з усіх постсавецкіх рэспублік. Колькасць этнічных палякаў складае тут 400 тыс., а паводле звестак польскага МЗС, сягае 1,5 млн. Доля каталікоў сярод этнічных беларусаў складае, паводле розных ацэнак, 11–14,5 %.

Некаторыя крыніцы адзначаюць тэндэнцыю да павелічэння асобаў каталіцкага веравызнання сярод беларусаў, асабліва на захадзе краіны, дзе пазіцыі польскага элементу асабліва ўстойлівыя. Беларуская апазіцыя складаецца пераважна з этнічных палякаў і беларусаў-каталікоў, і правесці выразную раздзяляльную рысу паміж ідэнтычнасцю беларускага паляка і беларуса-каталіка даволі складана.

Каталіцкая царква ў Беларусі – прынцыповы носьбіт або польскай, або беларускай мовы і выступае ў гістарычных спрэчках заўсёды на баку Польшчы.

<…>



Дзякуючы актыўнасці польскаму ірэдэнтызму
ў Беларусі адзначаюць асабліва гучна і пышна трагічныя даты польска-расейскай гісторыі (антырасейскія паўстанні палякаў 1794, 1830, 1863 гадоў, Польскі паход РККА 1939 года і г. д.).

З тэрыторыі Польшчы на беларускую аўдыторыю транслюе спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, некалькі радыёстанцыяў, у краіне выходзяць мясцовыя польскія медыі і дзее не менш за 75 прапольскіх НДА, якія падтрымліваюць сувязі як з кіроўнаю ў Польшчы партыяй прэм’ера Дональда Туска “Грамадзянская платформа”, гэтак і з апазіцыйнаю нацыянал-клерыкальнаю партыяй Ярослава Качыньскага “Права і справядлівасць”.

Нягледзячы на саюзніцкія адносіны з Расеяй, у поўнай меры назваць беларускую палітыку прарасейскаю нельга. Колькасць расяянаў у дзяржаве пастаянна скарачаецца, актыўна абмяркоўваюць праекты наконт дублявання ў грамадскіх месцах кірылічных надпісаў лацінскім шрыфтам беларускай мовы, ёсць школы з беларускаю моваю навучання, але адсутнічаюць расейскія школы, у той час як польскія школы фінансуюцца з дзяржбюджэту.

Больш за дзве траціны з 15 палітычных партыяў – празаходнія, прарасейскіх – ніводнай. З 2402 грамадскіх аб’яднанняў толькі 17 прызнаныя арганізацыямі расейскіх суайчыннікаў. Колькі з іх лаяльныя Расеі – невядома.

З некаторых часоў у краіне пачалі адраджаць польска-шляхецкія традыцыі: аднавіліся інсцэнізацыі ў Радзівілаўскім замку, у Нясвіжскай ратушы ўрачыста ўсталявалі штандар 27-га палка ўланаў Войска Польскага, шмат у якіх галінах адрэстаўравалі польскія памятныя знакі. Часткова гэта фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту.

У грамадска-палітычным плане заходнерускай ідэалогіі супрацьстаіць не толькі ўсім вядомы працяг беларускага нацыяналізму, які мае польскую афарбоўку, але і параўнальна свежы подых г. зв. літвінізму.



Літвінізм – штучна створаная “тэорыя”
пераемнасці беларускай дзяржаўнасці ад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Беларусы ў разуменні адэптаў літвінізму не беларусы, а літвіны, нашчадкі народу, які засяляў ВКЛ. Калі літвіністы і гатовыя хоць бы часткова прызнаць правамоцнасць існавання беларускага народу, то яго сувязь з народам расейскім яны адкідаюць. Пры гэтым частка літвіністаў прызнаюць усходнеславянская паходжанне беларусаў, але лічаць іх палітычна менш паспяховымі сваякамі палякаў, а іншая частка адмаўляе ўсходнеславянскія карані беларусаў, замяняючы іх легендамі пра балцкае паходжанне.

Важна, што літвіністы бачаць Беларусь і беларусаў у Еўропе і пад негалосным польскім патранатам. У Польшчы ўжо заўважылі гэтае ідэалагічнае новаўвядзенне, яно пакуль слабае і не аформленае, але Варшава можа яго раскручваць гэтак сама, як і беларускі нацыяналізм. Пагатоў польскія ўлады імкнуцца падыходзіць да развязання беларускага пытання творча, пазбягаючы шаблонных праектаў.

Гэтак, пры актыўным садзеянні Варшавы на свет з’явілася новая структура для экспарту дэмакратыі за ўсходнюю мяжу Польшчы – “Еўрапейскі фонд дэмакратыі” (Europejska fundacja demokracji). Фонд ствараўся паводле лякалаў вядомай амерыканскай НДА – Нацыянальнага фонду падтрымання дэмакратыі (National endowment for democracy) і ўжо атрымаў з бюджэту ЕЗ € 6 млн. Таксама € 5 млн вылучыла Польшча, і € 1млн – Швейцарыя. Нямеччына пакуль не вызначылася з сумаю свайго ўнёску.

Відавочна, што мэтавая аўдыторыя фонду – насельніцтва Беларусі. Варшава ўжо заявіла, што краіны Еўразвязу для перамогі дэмакратыі за ўсходняй мяжою Польшчы маюць вылучыць на перыяд 2014–2020 гадоў не менш за € 18 млрд, а Еўрапейскі фонд дэмакратыі будзе больш спрытным, чымся закаснелыя агульнаеўрапейскія інстытуцыі.

З геапалітычнага пункту гледзішча разгойдванне сітуацыі ў Беларусі – аператыўная хада адпаведных заходніх структураў з мэтаю стварэння нервова-нестабільнага становішча ля заходніх межаў Адзінай эканамічнай прасторы, у склад якой, як вядома, уваходзіць Беларусь. Без Беларусі вонкавыя межы ЕўрАзЭС на заходнім кірунку звядуць да межаў Расейскай Федэрацыі.

Маюцца і геастратэгічныя меркаванні. Адлегласць ад сучаснай беларуска-расейскай мяжы да Масквы – 400 км. Адлегласць ад Варшавы да сучаснай Беларусі – 200 км. З распаўсюджаннем арэалу польскага культурна-палітычнага ўплыву ўглыб краіны ўтворыцца зона бесперапыннага стратэгічнага кантролю Польшчы ад Варшавы амаль да Менску, ад якога да Масквы – усяго прыблізна 800 км.

Для забеспячэння поспеху расейска-беларускіх інтэграцыйных праектаў варта распачаць шэраг крокаў гуманітарнай скіраванасці, бо менавіта ў гуманітарнай сферы назіраецца жорсткае супрацьстаянне ідэям міждзяржаўнага партнёрства.

Па-першае, трэба не проста падтрымліваць расейскамоўныя медыі Беларусі, а глядзець, што і пра што яны пішуць. Паколькі беларускаю моваю ў краіне карыстаюцца ўсяго 1,5–2 % насельніцтва, асноўная мова празаходніх медыяў Беларусі – расейская.

Па-другое, неабходна надаваць больш увагі гістарычным даследаванням у галіне заходнерусізму, які пакінуў глыбокі след у агульнарускай гістарыяграфіі. Пагатоў менавіта Беларусь прынята лічыць калыскаю заходнерусізму. У гэтым аспекце асаблівае значэнне набывае дзейнасць даследчыкаў-заходнерусістаў з ліку этнічных палякаў. Адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў заходнерускай думкі, агульнарускай паводле палітычнага зместу, але традыцыйна нярускай (г. зн. каталіцкай) у сэнсе рэлігійным, можна лічыць першага каталіцкага арцыбіскупа Магілёўскага, пасля – сябра Расейскай акадэміі Станіслава Богуша-Сестранцэвіча (1731–1826). Богуш-Сестранцэвіч атаясамляў паняткі “Заходняя Расея” і “Заходняя Русь” і спрабаваў аслабіць кантроль Ватыкану над каталіцкаю царквою ў Расейскай імперыі, гісторыю якой разглядаў як адзінае цэлае. У гэтым шэрагу імёны гэткіх гісторыкаў і археолагаў, як Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Юзаф Ярашэвіч, Ігнат Кулакоўскі, Восіп Сянькоўскі.

Пры маштабным падыходзе да беларускай праблематыкі нельга абыходзіць канфесійныя пытанні, хоць іх падрабязнае выкладанне патрабуе іншага фармату. Але варта адзначыць, што ў размовах пра ўцягнутасць Ватыкану ў “беларускія справы” незаслужана забытаю застаецца Старакаталіцкая царква. Старакаталікамі называюць прадстаўнікоў каталіцызму, якія адмаўляюць догмат пра бязгрэшнасць Рымскага папы. Спрэчкі аб правамернасці гэтага догмату разгарэліся ў асяроддзі каталікоў-багасловаў у XIX стагоддзі і скончыліся тым, што частка каталіцкіх цэркваў адкалолася ад Ватыкану. Тады ж ініцыятарамі дыялогу паміж праваслаўнымі і старакаталікамі выступілі расейскія славянафілы.

Магчымасці для дыялогу ёсць і цяпер. У сучаснай Еўропе, у тым ліку і ў Польшчы ёсць адразу некалькі старакаталіцкіх цэркваў (Старакаталіцкая мар’явіцкая царква, Польская старакаталіцкая царква, Польска-каталіцкая царква ды інш.) Лік старакаталікоў у Польшчы сягае як мінімум, 50–60 тыс. Адмаўленне шэрагу догматаў, у тым ліку пра бязгрэшнасць Рымскага папы збліжае тэалагічныя асновы праваслаўя са старакаталіцызмам, і ў мінулым назіраліся выпадкі пераходу са старакаталіцызму ў праваслаўе.

Рэлігійна-палітычнае напружанне ў лініі старакаталіцкая – праваслаўная царква практычна адсутнічае, у той час як у адносінах з рымска-каталіцкаю царквой не ўсё гладка. Каталіцызму ўласцівыя напорыстасць, наступальны светапогляд, дзейснасць у супрацьлегласць пасіўнасці і большай сузіральнасці праваслаўя. З гэтых прычынаў назіраецца не прасоўванне праваслаўя за заходнюю мяжу Беларусі, а ўзмацненне каталіцызму за ўсходняю мяжою Польшчы. Узмацненне аўтарытэту старакаталіцкай царквы ў агульнакаталіцкім асяроддзі спрыяла б зніжэнню ўзроўню папулярнасці сярод вернікаў тых палітычных захадаў, якімі Ватыкан падтрымлівае Варшаву ў яе палітыцы ў дачыненні Менску.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў