Карты беларуса не будзе?


Праект закону “Аб беларусах замежжа” гатовы да разгляду ў Нацыянальным сходзе.

Пра гэта паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. Прапановы ў праект закону Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ўнесла яшчэ ў 2009 годзе, на V з’ездзе беларусаў свету. Учора ў сталіцы распачаў працу ўжо чарговы, VI з’езд. На яго прыехалі 300 дэлегатаў з 20 краінаў.

Што дало б пасведчанне беларуса замежжа?

ЗБС “Бацькаўшчына” прапанавала ўвесці пасведчанне беларуса замежжа, якое выдавалі б тым, хто пацвердзіў паходжанне пры дапамозе метрык, атэстатаў ды іншых дакументаў (тут схема падобная да карты паляка).

Якія прывілеі атрымаў бы ўладальнік пасведчання? Бясплатную шматразовую беларускую візу, права неабмежаваны час заставацца на тэрыторыі Беларусі, доступу да адукацыі і медычнай дапамогі нароўні з грамадзянамі РБ, права набываць маёмасць і зямлю, магчымасць атрымаць права на сталае жыхарства, права на дзяржаўныя ўзнагароды.

Паводле прапановаў ЗБС “Бацькаўшчына”, беларуская дзяржава мела супрацьдзейнічаць дыскрымінацыі суайчыннікаў за мяжою і змагацца за іхныя правы, дапамагаць у атрыманні беларускага грамадзянства, інвеставанні ў беларускую эканоміку, стварэнні сумесных прадпрыемстваў, прыцягванні гуманітарнай дапамогі, фінансаваць беларускія культурна-інфармацыйныя цэнтры за мяжою і выданне навуковых працаў на тэму гісторыі і культуры Беларусі, вяртаць на радзіму гістарычна-культурныя каштоўнасці, ствараць спрыяльныя ўмовы для вывучэння беларускай мовы за мяжою і г. д.

Фінансаваць усё гэта прапаноўвалася перадусім з рэспубліканскага бюджэту і заахвочваць да ўдзелу мясцовыя ўлады, а таксама ствараць адмысловыя фонды.

Доўгі роздум над праграмаю “Беларусы свету”

Ва ўнісон з законам мае дзеяць праграма “Беларусы свету”, мэта якой – развіваць супрацу з суайчыннікамі за межамі краіны. Савет Міністраў адобрыў яе яшчэў 1993 годзе. Папярэдняе “выданне” праграмы было разлічана на 2001–2010 гады. Новае планавалі распрацаваць і ўнесці на разгляд Савету Міністраў найпазней ў 2012 годзе, аднак яе дагэтуль не прынялі.

Дзяржава разлічвае на падтрыманне ў палітычных пытаннях

Беларуская дзяржава са свайго боку разлічвае на падтрыманне беларусаў замежжа ў палітычных і эканамічных пытаннях. “Беларусы ёсць нашымі паўнамоцнымі прадстаўнікамі за мяжою. І не толькі ў справе культуры, але і ў справе палітычных адносінаў, эканамічных і гэтак далей, – адзначыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў у размове з карэспандэнтам БелаПАНу падчас адкрыцця VI з’езду беларусаў свету. Мне здаецца, што сёння галоўнае – паступовая работа над усімі пытаннямі, якія дапамагаюць нам і аб’яднацца, і развязаць тыя праблемы, якія паўстаюць. Фармальна тое, чаго нам не стае, – гэта адпаведнага закону і адпаведнай праграмы, над якімі цяпер вядзецца праца і якія будуць прынятыя бліжэйшым часам. Але парадокс у тым, што, хаця фармальна яны не прынятыя, але ж яны выконваюцца”. Міністр меў на ўвазе закон аб беларусах замежжа і праграму “Беларусы свету”.

Расея падрыхтавала закон, які перацягне беларусаў

Кіраўніца Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская галоўную праблему бачыць у адсутнасці нацыянальнай свядомасці сярод тых, хто выязджае з Беларусі. Гэта дапамагае рэалізоўваць свае інтарэсы іншым дзяржавам. Надзвычай прывабныя перспектывы стварае нашумелая карта паляка, закон аб якой Польшча прыняла ў 2007 годзе.

Карта паляка дае права навучання і працаўладкавання ў Польшчы, атрымання шматразовай візы, іншыя ільготы, напрыклад, значную зніжку на праезд. Паводле справаў у 2012 годзе, дакумент атрымалі 30 тыс. грамадзянаў Беларусі. Пры гэтым працаўнікі МЗС Польшчы неаднаразова казалі, што калі б не супрацьдзеянне ўладаў Беларусі, карту атрымалі б удвая больш асобаў.

Другі выклік, які нас чакае, – законапраект, які прадугледжвае радыкальнае спрашчэнне працэдуры атрымання расейскага грамадзянства для суайчыннікаў, то бок для мільёнаў жыхароў суседніх краінаў. Яго ўжо разглядае Дзяржаўная дума. Спрошчанае атрыманне грамадзянства, несумненна, будзе вабіць беларусаў, пагатоў Расея настойліва прасоўвае пытанне са спрашчэннем візавага рэжыму з Еўразвязам.

Яшчэ адзін бонус будзе даваць адноўленая праграма перасялення суайчыннікаў, новую рэдакцыю якой зацвердзілі напрыканцы мінулага года. Яна прадугледжвае як кампенсацыю дарожных выдаткаў, гэтак і сацыяльную дапамогу на час, пакуль не будзе знойдзеная праца.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў