Суд над апошнім «гранітаўцам»



Прафсаюзны актывіст Леанід Дубаносаў дабіваецца аднаўлення на працы праз суд.

Леанід Дубаносаў працягвае судзіцца з каменездабыўным прадпрыемствам «Граніт» (Мікашэвічы). Сёння адбылося другое паседжанне Лунінецкага суду паводле яго позвы.

Актывіст патрабуе скасавання ягонага звальнення і аднаўлення на працы. Юрысты незалежных прафсаюзаў даводзяць у судзе, што спадара Дубаносава звольнілі з парушэннем заканадаўства. Яго не азнаёмілі з загадам аб звальненні і аб спагнаннях, якія сталі прычынаю пазбаўлення працы. Таму, акрамя аднаўлення на працы, Леанід Дубаносаў патрабуе таксама і грашовай кампенсацыі за вымушаныя прагулы.

«Адміністрацыя «Граніту» парушыла закон, калі звольніла мяне. Цяпер яны ў судзе спрабуюць неяк выкруціцца. Я спадзяюся на перамогу, на аднаўленне на працы, бо закон на маім баку… Але, ведаеце, гэта, мусіць, не ў нашай краіне трэба на такое спадзявацца…», – распавёў Леанід Дубаносаў «Белсату».

Судовае паседжанне цягнулася цэлы дзень і яшчэ з гадзіну пасля афіцыйнага сканчэння працы Лунінецкага суду. Справу разглядае старшыня суда Міхаіл Дзенісовіч. Працяг паседжання прызначылі на 24 ліпеня а 12-й гадзіне.

Леанід Дубаносаў працаваў на «Граніце» 24 гады. 16 траўня яго звольнілі з пасады памочніка экскаватаршчыка з фармулёўкаю «ў сувязі са сканчэннем кантракту».

За ўсе гады працы рабочы не атрымліваў дысцыплінарных спагнанняў і начальства не мела да яго ніякіх заўваг. Але пасля ўступлення напрыканцы 2011 года ў Беларускі незалежны прафесійны звяз, да актывіста пачаліся «прыдзіркі». То ён не мог з першай спробы здаць іспыт па электрабяспецы, то начальства пачало рабіць заўвагі наконт ягонай працы. Хаця ў прыватнай размове, кажа спадар Дубаносаў, начальнікі адкрыта яму казалі, што пакінуць яго «дапякаць», калі ён выйдзе з незалежнага прафсаюзу.

Леанід Дубаносаў адмовіўся ад такога ўльтыматуму. Пасля гэтага за дзень яму выпісалі 2 дысцыплінарныя спагнанні, адное з іх – за кабель, які ляжаў не на тым месцы. Быццам за гэтае яго і звольнілі. Спадар Дубаносаў быў адным з апошніх актывістаў суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Граніце». Раней працы пазбавілі кіраўніка суполкі Алега Стахаевіча, актывістаў Мікалая Карышава, Генадзя Паўлоўскага, Віталя Пашэчку, Анатоля і Людмілу Літвінкаў. Астатнія некалькі соцень сябраў прафсаюзу пад ціскам і пагрозамі начальства пакінулі суполку цягам года.
{movie}”Людзі з граніту” (рэпартаж з фільматэкі “Белсату”) |right|11731{/movie}
Звольненыя актывісты судзіліся з прадпрыемствам, але ніводнага не аднавілі на працы. Суды заўсёды займалі бок адміністрацыі. Толькі ў адзінкавых выпадках удалося часткова перамагчы – калі Алег Стахаевіч адсудзіў у прадпрыемства Br 865 тыс.

Пратэст на «Граніце» пачаўся ў канцы 2011 года. Некалькі соцень рабочых выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і стварылі суполку незалежнага звязу. Яны зрабілі гэта, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў і хамства адміністрацыі прадпрыемства. Адразу ж на рабочых пачалі ціснуць, каб пакінулі незалежны прафсаюз. На прадпрыемства сталі прыязджаць высокія чыноўнікі, каб залагодзіць сітуацыю. Заробак на прадпрыемстве вырас з Br 3–4 млн да Br 15 млн.

«Белсат» прысвяціў змаганню рабочых «Граніту» адмысловы рэпартаж «Людзі з граніту», які даступны ў фільматэцы тэлеканалу.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары