У Паўночнай Карэі з размахам адзначаюць 60-годдзе заканчэння грамадзянскай вайны


Паводле ідэалогіі “Чучхэ”, Пхеньян ўпэўнена перамог ў канфлікце выключна дзякуючы неверагоднаму гераізму “Вялікага правадыра таварыша” Кім Ір Сэна. Менавіта ягонай памяці прысвечаныя сённяшнія ўрачыстасці.

Дыктары на тэлебачанні са слязамі на вачах згадваюць, як “Сонца нацыі, Жалезны ўсёпераможны палкаводзец, Зарука вызвалення чалавецтва” (гэта толькі некаторыя з тытулаў Кім Ір Сэна) амаль асабіста прагнаў з паўвостраву японскіх і амерыканскіх імперыялістаў і перамог здрайцаў з Паўднёвай Карэі.

Фармальна вайна працягваецца да гэтай пары – 60 гадоў таму была падпісаная толькі дамова аб перамір’і, а не аб спыненні збройных дзеянняў. З той пары кожная Карэя адзначае гэты дзень па-свойму. На Поўдні – дні памяці, прамовы наконт аб’яднання паўвостраву, словы спачування суседзям і адначасова выразы нянавісці да кіраўнікоў краіны.
{movie}Святочны “Аліранг” у Паўночнай Карэі|right|11726{/movie}
На Поўначы – падобныя прамовы, парады, святочныя дэманстрацыі ды, канечне, “Аліранг” – эпічнае масавае шоу, у якім бяруць удзел каля 30 000 актораў, сярод якіх некалькі тысячаў дзяцей ва ўзросце ад шасці гадоў. Для большасці з іх рэгулярны паказ масавага спектаклю стане адзінаю працаю ў жыцці.

Погляд большасці гісторыкаў на карэйскую вайну трохі розніцца ад версіі паўночнакарэйскіх ідэолагаў.

Гістарычная даведка

Пасля заканчэння другой сусветнай вайны, СССР і ЗША, вырашылі падзяліць вызваленую ад японцаў Карэйскую паўвыспу. На жаль, невядома, каму прыйшла да галавы геніяльная ідэя правесці дэмаркацыйную лінію па 38-й паралелі. Гэткім чынам на Поўдні апынулася сталіца і большая частка насельніцтва. Пасля актыўнай ідэалагічнай апрацоўкі з абодвух бакоў былыя суграмадзяне глядзелі на суседзяў як на кроўных ворагаў і пачалі актыўна нарошчваць узбраенні.

Паколькі Кітай паабяцаў Паўночнай Карэі дапамогу таксама і ў выглядзе жывой сілы, Пхеньян прыйшоў да высновы, што рабочых і сялянаў Паўднёвай Карэі трэба вызваляць неадкладна. Найлепш з дапамогаю танкаў і дывановых бамбаванняў.

25 чэрвеня 1950 года Паўночная Карэя рушыла на паўднёвых суседзяў. Сеул быў захоплены праз чатыры дні, а яшчэ праз некалькі тыдняў 90 % паўвыспы было ў руках камуністаў. Аднак, як не дзіўна, усенароднага паўстання не адбылося, таму ўжо ў верасні ход вайны кардынальна змяніўся – 90 % паўвостраву разам з Сеулам было ўжо ў руках Паўднёвай Карэі ды амерыканскіх саюзнікаў. Урэшце Кітай узяў справы ў свае рукі ды адкінуў праціўнікаў да дэмаркацыйнай лініі. Пасля чаго працягвалася не менш крывавая пазіцыйная вайна, у якой менавіта Кітай панёс самыя цяжкія страты – каля 150 000 чалавек.

У. Ш., belsat.eu
https://youtu.be/IfaFyBKDZoQ

Глядзі таксама
Каментары