Англійскі пацыент. Таблоіды і каралеўскае дзіця


Тэмаю дня, а хутчэй – апошніх дзевяці месяцаў кожнай сумленнай жоўтай газеты стала нараджэнне дзіцяці герцагіні Кэмбрыджскай Кэйт Мідлтан і прынца Ўільяма. Як адрэагавалі на гэта брытанскія газеты і што варта ведаць пра гэтую падзею, каб падтрымаць размову ў кампаніі.



Сын улюбёнай у Вялікай Брытаніі пары стане трэцім ў чарзе на каралеўскі пасад. Ужо перад нараджэннем немаўля атрымала тытул прынца Кэмбрыджскага. Ягоная высокасць ужо паспела прынесці сваёй краіне прыбытак 243 млн – дзясяткі тысяч турыстаў з’ехаліся ў Лондан, у некаторых гатэлях няма ніводнага вольнага месца і кожны хоча мець сувенір з грандыёзнага святкавання нараджэння.

Манаршае дзіця атрымала тутул раней за імя, якое дагэтуль не называюць, што толькі павышае стаўкі ў букмейкераў. Цікава, што ён можа нават застацца без прозвішча – прынцам яно не абавязковае, але бацькі маюць выбар з Маўнтбатэн-Вінздор, Ўэльскі ці Кэмбрыджскі.

Статыстычна штодня ў Англіі нараджаецца 2 тыс. немаўлят. Тыя, каму пашчасціла нарадзіцца ў адзін дзень з прынцам Кэмбрыджскім, атрымаюць памятны пэні.

Брытанскія таблоіды не ашчаджаюць на падрабязнасцях. Гэтак, кожны сумленны грамадзянін каралеўства даведаўся сёння, што будучы манарх нарадзіўся а 18:24 паводле менскага часу, важыць 3,79 кг – гэта самы цяжкі нашчадак у манаршай сям’і (сярэдняя вага дзіцяці ў Брытаніі – 3,77 кг), маці адмовілася ад наркозу падчас 11-гадзінных родаў, палата, у якой прынц з’явіўся на свет, каштуе 6 тыс. у дзень – там жа нарадзіўся і ягоны бацька.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў