Макей у Бруселі «пераадольваў перашкоды і разглядаў магчымасці»


Увогуле кіраўнік беларускага Міністэрства замежных справаў свяціўся аптымізмам, казаў пра зацікаўленасць Менску ва “Усходнім партнёрстве” і прасіў не дыскрымінаваць Беларусь у гэтым працэсе.

Учора інфармацыі пра першую паездку Уладзіміра Макея ў Брусель было няшмат. Добра, што еўрадэпутаты актыўна карыстаюцца “Тўітэрам”. Гэтак, літоўскі калега Макея Лінас Лінкявічус напісаў там, што “ўсе міністры пацвердзілі гатовасць зрабіць віленскі саміт паспяховым. Тыя, хто гатовыя зрабіць больш, мусяць атрымаць больш ад ЕЗ”.

Пакуль не вядома, ці паабяцаў Уладзімір Макей “зрабіць больш”, але міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт таксама зазірнуў на свой акаўнт у “Тўітэры” і паведаміў: “Цяпер працягваецца вельмі важная сустрэча з міністрамі замежных справаў усіх шасці краінаў “Усходняга партнёрства”. Пераадольваем перашкоды, разглядаем магчымасці”.

“Мы зрабілі некалькі прапановаў у дэкларацыю, у першую чаргу тое, што да ўсіх краінаў-партнёраў мусіць быць аднолькавае стаўленне без дыскрымінацыі. Мы выявілі нашую зацікаўленасць у супрацы ўва ўсіх сферах “Усходняга партнёрства”. І мы думаем, што актыўнасць у канкрэтных пытаннях мусіць быць галоўным складнікам віленскай дэкларацыі, гэта дапаможа палепшыць бачнасць “Усходняга партнёрства” ў краінах Еўразвязу і краінах-партнёрах. І мы маем таксама звярнуць больш увагі на бізнесовае вымярэнне”, – падзяліўся Макей сваімі дасягненнямі з брусельскім карэспандэнтам радыё “Свабода” пасля перамоваў.

Уладзімір Макей ухіліўся ад адказу на пытанне пра магчымасць зняцця санкцыяў Еўразвязу ў абмен на вызваленне палітвязняў, зазначыўшы толькі, што абмеркавалі ўсе пункты на парадку дня.

Хто ж будзе прэзентаваць Беларусь на саміце ў Вільні 28–29 лістапада? Еўразвяз хоча бачыць там Макея, Менск – хутчэй, самога Аляксандра Лукашэнку, а атрымацца можа, як падчас сустрэчы ў Кракаве, – калі замест кіраўніка МЗС паехала ягоная намесніца. Макей наконт магчымасці працягу еўрапейскіх паездак адказаў, што гэтае пытанне мае вырашаць Еўразвяз.

Гэта – першая паездка Уладзіміра Макея ў Еўропу пасля выбараў 2010 года. Пасля разгону акцыі пратэсту 19 снежня яго разам з шэрагам іншых беларускіх чыноўнікаў занеслі ў чорны спіс ЕЗ.

У. Ш., belsat.eu

Стужка навінаў