Чума свіней ужо і ў Маладзечанскім раёне?


Мясцовы райвыканкам забараніў продаж свініны на мясцовых рынках. Паводле чыноўнікаў, пакуль што гэта толькі прафілактыка.

Праўда, раней прафілактычныя дзеянні праходзілі амаль ва ўсіх абласцях краіны і не здолелі спыніць распаўсюду хваробы. Афіцыйна прызнаецца наяўнасць эпідэміі толькі на Гарадзеншчыне і Віцебшчыне, аднак ачагі хваробы ёсць практычна ў кожнай вобласці краіны.

Беларускі дзяржаўны ветцэнтр ужо знайшоў вінаватага ў з’яўленні афрыканскай чумы свіней у нашай краіне. Ім стаў прадпрымальнік, які ўвёз у Беларусь заражаны камбікорм. На жаль, не паведамляецца, якім чынам ён здолеў правесці яго праз ветэрынарны нагляд на мытні.

Замоўчванне праўдзівай сітуацыі з распаўсюдам эпідэміі ў Беларусі ставіць пад пагрозу вытворчасць мяса ў суседніх краінах. Польшча і Літва ўжо выказалі жаданне збудаваць шматкіламетровыя платы на мяжы з Беларуссю, бо хваробу паміж краінамі пераносяць дзікі.

У. Ш., belsat.eu

Стужка навінаў