Пасля саступкі прадпрымальнікам пачынаюцца рэпрэсіі?


Баранавіцкага лідара прадпрымальніцкага руху Міколу Чарнавуса будуць судзіць за мітынгі падчас страйку прадпрымальнікаў.

На спадара Чарнавуса склалі адразу два пратаколы за паўторнае цягам года правядзенне несанкцыянаваных масавых акцыяў. Аўтар пратаколаў, маёр міліцыі Дзмітрый Мізгер, палічыў Міколу Чарнавуса арганізатарам стыхійных мітынгаў прадпрымальнікаў.

Гэтыя мітынгі адбыліся ў часе агульнанацыянальных прадпрымальніцкіх страйку 27 чэрвеня і 1 ліпеня. У Баранавічах абмеркаваць сітуацыю збіралася тады некалькі соцень прадпрымальнікаў.

Мікола Чарнавус паведаміў “Белсату”, што найхутчэй яго пакараюць штрафам каля Br 5 млн. Яшчэ не мінула года пасля таго, як Мікола Чарнавус быў аштрафаваны за раздаванне ежы на рынку, што таксама палічылі масаваю акцыяй. За гэты дабрачынны абед прадпрымальнік заплаціў дзяржаве Br 3 млн.





Агульнанацыянальныя страйкі прадпрымальнікаў адбываліся 27 чэрвеня і 1 ліпеня ў шмат якіх гарадах Беларусі. Тысячы адмовіліся працаваць, пратэстуючы супраць увядзення тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”. Гэты дакумент патрабуе дакументальна пацвярджаць якасць тавараў. Сярод іншага і тых, што ўвозяцца ў Беларусь з Расеі або Казахстану, хоць гэта агульная мытная прастора. Каб атрымаць неабходныя дакументы, трэба або пацвердзіць сертыфікацыю якасці, або аддаць частку тавару на адмысловую экспертызу.

{movie}Страйк прадпрымальнікаў у Баранавічах|right|11711{/movie}

У выніку пратэсту ўлады пайшлі на саступкі. Першы намеснік Дзяржаўнага камітэту стандартызацыі Беларусі Валеры Гурэвіч паведаміў пасля страйку, што маніторынг выканання прадпрымальнікамі тэхрэгламенту пачнецца 1 лістапада 2013 году.

Гандляваць без сертыфікатаў дазволілі да 1 ліпеня 2014 году. Тым не меней, многія прадпрымальнікі кажуць, што праблему проста адклалі “на потым”. Аналітыкі кажуць, што праз час праблема можа стаць больш вострай і выклікаць мацнейшыя пратэсты.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў