Беларускі МЗС прыпомніў Лаўрову справу Ігара Беразюка


Урад Лукашэнкі адрэагаваў на рэзкую заяву Расеі, якая асудзіла затрыманні пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Нагадаем, што 8 лютага міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў чарговы раз заклікаў улады Беларусі вызваліць затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў, у тым ліку – кандыдатаў на прэзідэнта, журналістаў, праваабаронцаў і двух грамадзянаў Расеі. “Тое, што адбылося пасля выбараў, было абсалютна непатрэбным і непрымальным”, – заявіў ён.

8 лютага таксама стала вядома, што хадайніцтва адвакатаў аб спыненні крымінальнай справы на расяянаў Івана Гапонава і Арцёма Брэўса адхілілі, не патлумачыўшы прычыны. Сітуацыя з гэтымі затрыманымі стала галоўнаю тэмаю сустрэчы намесніка міністра замежных справаў Расеі Рыгора Карасіна з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым 9 лютага.

10 лютага прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў, што лёс арыштаваных можа вызначыць толькі суд. Ён адзначыў, што “сітуацыя вельмі падобная да справы беларускага грамадзяніна Ігара Беразюка”. Апошняга вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках на Манежнай плошчы ў Маскве.

Летась 11 снежня там адбылося шэсце футбольных заўзятараў у гонар забітага фаната каманды “Спартак” Ягора Свірыдава, якое перарасло ў бойку з АМАПам. У выніку затрымалі больш за 500 чалавек, у тым ліку Беразюка, які нібыта “нанёс удар міліцыянту-байцу АМАПу ГУУС па г. Масква”. Беларусу пагражае да 5 гадоў зняволення. Тымчасам паплечнікі з апазіцыйнай расейскаму ўраду арганізацыі “Стратегия-31”, актывістам якой быў Беразюк, звязваюць ягоны арышт з палітычнаю дзейнасцю.

Андрэй Савіных падкрэсліў, што “справы такога кшталту” мусяць разглядацца выключна ў межах заканадаўства. Іншыя ж дзеянні, паводле яго, могуць быць успрынятыя як ціск на суд або следчыя органы.

belsat.eu

Стужка навінаў