Ушчыльняць максімальна!


Чыноўнікі Менгарвыканкаму падлічылі, што ў 2013–2015 гадах у сталіцы можна збудаваць яшчэ каля 5 млн кв. м жытла, але для гэта іншым прыйдзецца пасунуцца.

Без ушчыльнення магчыма збудаваць толькі палову ад запланаванай плошчы. А жытло ўжо цяпер патрэбнае больш як 250 тысячам менскіх сем’яў. Каб неяк разгрузіць сталіцу, плануецца пабудова і развіццё т. зв. гарадоў-спадарожнікаў. Гэтак, да 2020 года толькі ў Смалявічах і Заслаўі маюць збудаваць 2 млн кв. метраў жытла.

Аднак не сакрэт, што большасць прагне жыць у сталіцы і пажадана бліжэй да цэнтру або каля метро. Таму гарадскія ўлады шукаюць месца сярод ужо збудаваных жылых масіваў, і атрымліваецца гэта ў іх не найлепшым чынам.

Прыкладам, на гэтым тыдні дзве сотні жыхароў менскага раёну Уручча сабраліся на месцы будучай будоўлі, каб зачытаць ліст да галавы краіны з заклікам спыніць ушчыльненне, ініцыяванае сталічнымі кіраўніцтвам: у самым ажыўленым месцы раёну плануецца чарговая будоўля. Ад гэтага могуць пацярпець найперш насельнікі дому па вул. Шугаева, 17 корп. 2: тут узніклі праблемы з падмуркам; апроч таго, новая будоўля пазбавіць жыхароў паркінгу.

Раней старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька абяцаў адмовіцца ад узвядзення ва Уруччы двух з запланаваных дамоў. Аднак, як днямі стала вядома… чыноўнік перадумаў.

Праблемы з ушчыльненнем Уручча пачаліся яшчэ ў 2005 годзе, калі зацвердзілі праект дадаткова збудаваць сем шматпавярховікаў. Няроўнае змаганне супраць ушчыльнення тутэйшае жыхарства ўжо прайграла, бо на баку ўладаў выступіў АМАП; у выніку – на вул. Русіянава паўстаў новым гмах.

Неўзабаве з перспектываю страты паркінгу ці зялёнай зоны – пад чарговую будаўнічую пляцоўку – могуць сутыкнуцца насельнікі і іншых раёнаў.

УШ, belsat.eu

Стужка навінаў