Пераключыся на спартовы лад


Калі хтосьці не паспеў паправіць фігуру да пляжнага сезону, няма бяды. Вось Анатоль Лябедзька ў студэнцкія гады ўсяго за два месяцы з нуля вырабіў сабе першы разрад па гіравым спорце.

“Белсат” завітаў таксама да іншых аматараў актыўнага ладу жыцця – праваабаронцы Людмілы Гразновай ды музыкі Паўла Аракеляна.

{movie}Анатоль Лябедзька, Людміла Гразнова і Павал Аракелян пра актыўны лад жыцця|right|11697{/movie}

Спадарыня Гразнова, якая нядаўна адсвяткавала юбілей (які, мы не скажам, бо ўсё адно не паверыце), ажно з 17 гадоў штодня выбіраецца на прабежку, ездзіць на ровары ды абліваецца халоднаю вадою. Праваабаронца пачаставала нашых журналістаў асабіста выпечаным хлебам і распавяла пра таямніцы жаночай прыгажосці: “Па-першае трэба перастаць быць дзіцём і спадзявацца, што хтосьці табе на талерачцы ўсё прынясе. Трэба разлічваць толькі на сябе і выбудоўваць сваю асобу. Другое – фізічны стан, які кожная жанчына сама можа паправіць. Не лекамі ці пластыкай, а ахвяруючы штодня па сто хвілінаў на сваё фізічнае самаўдасканаленне. Тады жанчына паглядзіць у люстэрка, убачыць блеск у вачах, добрую фігуру, і дзень адразу атрымаецца”.



Нашая суразмоўца падкрэслівае, што нельга забывацца і на самарэалізацыю. Паводле праваабаронцы, хоць сям’я і дзеці для жанчыны асабліва важныя, яна мусіць дабівацца поспеху, каб плады ейнае працы бачылі ды ацэньвалі іншыя.

Працягне шэраг парадаў для лепшай паловы насельніцтва музыка Павел Аракелян, які, дарэчы, ужо пяць гадоў актыўна займаецца бодзібілдынгам: “Як мага болей вітамінаў у рацыёне, асабліва гародніны. Цукры, нават з фруктаў, лепей выключыць. Болей бялкоў – абястлушчаны тварог, курынае філе, яйкі. А займацца лепей гэтак званым кросфітам – трохі папрысядаць, прабегчыся і паадціскацца”, – кажа музыка.

Для мацнейшага полу ў нашым відэаматэрыяле Аракелян патлумачыў прынцыпы жыму лежачы і падкрэсліў, што выключна сілавыя нагрузкі з “жалезам” не дадуць жаданага выніку. Нельга забывацца і на аэрабічныя практыкаванні: той жа бег ці язда на ровары.

Анатоля Лябедзьку, які намагаецца падтрымліваць форму нават у замежных паездках, трэнінгі ўзмацняюць не толькі фізічна, але і маральна. Лідар АГП згадвае, што дзякуючы ім быў амаль на сто адсоткаў гатовы да “амерыканкі” пасля выбараў 2010 года. “Для мяне гэта вельмі важна яшчэ і таму, што ўсе асноўныя ідэі ў мяне нараджаюцца тады, калі я раблю прабежку ці раблю практыкаванні. Напрыклад, сёння ў мяне будзе запіс двух праграмаў АГП-ТВ, і я ўжо пракручваю ў галаве тое, пра што буду размаўляць са сваймі гасцямі, і ўжо буду падрыхтаваны”, – кажа палітык.

Спадар Лябедзька таксама з жалем зазначыў, што збольшага трэнуецца сам, і толькі адзін ці два энтузіясты часам заходзяць на спартовую пляцоўку, да якой ён штодня прабягае некалькі кіламетраў.

Дарагі чытач, лета – выдатны час для трэнінгу! Спадзяемся, нашыя героі натхняць вас на дадатковыя фізічныя высілкі.

УШ., belsat.eu

Стужка навінаў