У Беларусі перастаў працаваць «Google»


Кліенты найбуйнейшага беларускага інтэрнэт-правайдара «ByFly» скардзяцца на праблемы з падключэннем да сэрвісаў «Google».

«На жаль, ваш камп’ютар або сетка могуць дасылаць аўтаматычныя запыты. Мы не можам выканаць ваш запыт менавіта цяпер, бо мусім абараніць нашых карыстальнікаў» («We’re sorry but your computer or network may be sending automated queries. To protect our users, we can’t process your request right now»), – такое паведамленне атрымаў шмат хто з карыстальнікаў РУП «Белтэлекам» (гандлёвая марка «ByFly») пры спробе скарыстацца сэрвісамі «Google» учора, 19 ліпеня.

У афіцыйным каментары «Белтэлекаму» напісана, што блакаванне доступу да сервісу «Google» з асобных інтэрвалаў IP-адрасоў было звязанае з палітыкаю бяспекі кампаніі «Google» у дачыненні спам-рассыланняў. Карыстальнікі меркавалі, што праблема ўзнікла праз пераход «ByFly» на новую схему размеркавання IP-адрасоў, пра які «Белтэлекам» паведамляў у траўні. Аднак, паводле кампаніі, новую тэхналогію ўкаранілі толькі ў Менску, а праблемы з доступам да «Google» былі па ўсёй Беларусі.

Магчыма, рэч у тым, што некаторыя падсеткі правайдара патрапілі ў спам-спісы. Так, IP-адрасы «ByFly» адзначаныя як небяспечныя, з якіх можа рассылацца вірусны спам, у базах «Composite Blocking List» і «The Policy Block List».

«Белтэлекам» паведамляе, што перамовы з «Google» яшчэ працягваюцца, але блакаванне знятае. Аднак некаторыя карыстальнікі дагэтуль не могуць загрузіць папулярны пашукавік.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары