Міністр МУС Украіны заплаціць галавою за згвалтаванне жанчыны двума міліцыянтамі?


Кіеўскія праваахоўнікі разагналі стыхійны мітынг пратэсту. Маніфестанты патрабавалі адстаўкі міністра ўнутраных справаў ды спыніць свавольства міліцыянтаў.

Згвалтаванне, што выклікала сапраўдны бунт

Прычынаю для стыхійнага мітынгу ў Кіеве сталіся драматычныя падзеі на пачатку ліпеня ў сяле Врадзіеўка (Врадіївка). Уначы на 2 ліпеня мясцовыя жыхары пайшлі штурмам на раённае аддзяленне міліцыі. Натоўп выламаў браму, пабіў вокны ў аддзеле, разграміў міліцэйскія аўты. Супраць пачалі выкарыстоўваць слезацечны газ і дубінкі.

Абурэнне мясцовых жыхароў выклікала навіна пра згвалтаванне мясцовай жыхаркі. Галоўныя падазраваныя – два міліцыянты. Сяляне гавораць, што гэта не першае такое злачынства з боку мясцовых міліцыянтаў. Бадай што найбольш цынічнае ў гэтай гісторыі тое, што ахвяра гвалту назвала прозвішчы злачынцаў, аднак іх адразу не адсунулі ад працы. Больш за тое, адзін з міліцыянтаў прыходзіў да пацярпелай у шпіталь, каб… узяць паказанні.

Міністр унутраных справаў Віталь Захарчанка паабяцаў, што вінаватых пакараюць. Аднак сяляне патрабуюць звальнення ўсіх працаўнікоў раённага аддзелу і пракуратуры. Але на гэтае ўлады не пайшлі.

Салідарныя ў Кіеве

Уначы на 19 ліпеня ў цэнтры Кіева адбыўся стыхійны мітынг пратэсту супраць свавольства і карупцыі ўкраінскай міліцыі. Жыхары Врадзіеўкі пешкі дайшлі да Кіева і распачалі пратэст на Майдане Незалежнасці. Да іх пачалі далучацца жыхары Кіева.

{movie}Разгон мітынгу пратэсту ў Кіеве|right|11683{/movie}

Начны мітынг быў нешматлюдным – прыблізна 200 асобаў. Тым не менш на яго разгон кінулі байцоў спецпадраздзялення “Беркут” ды міліцыянтаў – агулам з тысячу праваахоўнікаў. Яны арыштавалі некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыі, разграмілі намётавае мястэчка. Ранкам мітынгоўцы вярнуліся на пляц, аднак іх акцыя ізноў скончылася затрыманнямі.

Міліцыя сталася ворагам?

Штурм раённага аддзелу ў Врадзіеўцы – не адзінкавы такі выпадак. Гандляры аднаго з кіеўскіх рынкаў вырашыліся на штурм пастарунку пасля таго, як міліцыянт ударыў кулаком у жывот жанчыну. Відавочцы хацелі схапіць міліцыянера, але той уцёк ды схаваўся за сценамі пастарунку. Гандляры павалілі плот ля будынку, аднак урывацца ў будынак з узброенымі міліцыянтамі не сталі.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў