«Басовішча» пачалося! Чакаем на вашыя здымкі


XXIV фестываль музыкі маладой Беларусі распачаўся за 16 км ад польска-беларускай мяжы. Пакуль у намётавае мястэчка ў славутым борыку сцякаліся апошнія госці, тыя, хто прыехаў у Гарадок, пабачылі фільм «Жыве Беларусь!» і рэпартаж пра стварэнне першага фільму пра сучасную Беларусь, зняты «Белсатам».

Імпрэзу адкрылі лаўрэаты сёлетняга конкурсу – гурт «ili-ili». Таксама сёння варта не прапусціць выступ Аляксандра Памідорава са сваёю камандаю «Pomidor/Off» і рокераў з «Re1ikt». Уначы на сцэну выйдзе польскі гурт «Masala soundsystem».

Сярод іншых гэдлайнераў імпрэзы – беларускія гурты «The Toobes», «Akute» і «Дзецюкі», а таксама ўкраінскі рэгі-фолк гурт «Perkalaba».

А мы нагадваем пра наш конкурс на найлепшы фотаздымак з фэсту «Басовішча-2013». Пераможца атрымае спадарожнікавую талерку (з усталяваннем) для прагляду каналу «Белсат». Проста зрабі 19–20 ліпеня цікавы здымак і дашлі да 28 ліпеня на конкурс.

Здымкі можна даслаць на адмысловы e-mail – konkurs@belsat.eu або апублікаваць на старонцы «Белсату» «УКантакце» ў адмысловым альбоме «Басовішча-2013 / ФОТАКОНКУРС», як варыянт – запосціць фота з сабою любімым у профілі ў «Twitter’ы» з далучэннем гэштэгу #fotobasy.

Пасля мы абярэм 5 найлепшых здымкаў, а пераможцу вызначаць інтэрнаўты на старонках «УКантакце» і «Facebook’у». Больш падрабязна ўмовы конкурсу – тут.

УШ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары