Трупы свіней знайшлі побач з расейскаю мяжою (Увага: жахлівыя здымкі!)


Жывёлінаў, якіх забралі ў вяскоўцаў у сувязі з успышкаю афрыканскай чумы свіней, забілі, але не спалілі ды кінулі ў лесе. Ад трупа можна гэтак жа заразіцца вірусам, як і ад жывой свінні.

На трупы жывёлінаў, якіх канфіскавалі ў вяскоўцаў, на Віцебшчыне натрапілі збіральнікі ягадаў. У лесе, прыкладна за 5 км ад вёскі Ярэміна Віцебскай вобласці, яны пабачылі не закапаную яму з трупамі свіней. Іх прысыпалі тонкім слоем грунту, які змылі нядаўнія дажджы. У катлаване сабралася вада, парэшткі жывёлінаў гніюць і распаўсюджваюць смурод.

Гэтае месца за 10 км ад прасёлкавай дарогі і прыкладна за 25 км ад мяжы Беларусі з Расеяй.

Паводле захадаў бяспекі, хворых свіней знішчаюць бяскроўным метадам, трупы спальваюць, а попел закапваюць. Пра гэта гаварыў першы намеснік дырэктара дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Юры Піваварчык.

Замоўчванне праўдзівай сітуацыі з распаўсюдам эпідэміі ў Беларусі ставіць пад пагрозу вытворчасць мяса ў суседніх краінах. Польшча і Літва ўжо выказалі жаданне збудаваць шматкіламетровыя платы на мяжы з Беларуссю, бо хваробу паміж краінамі пераносяць дзікі.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем інфармацыі belapan.com

Стужка навінаў