«Разгул» дэмакратыі: вызваліць Навальнага запатрабавала… пракуратура


Арганізатара антыпуцінскіх пратэстаў Аляксея Навальнага, асуджанага ўчора да 5 гадоў калоніі, выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Учора Навальнага ўзялі пад варту ў зале суда. Пракурор Сяргей Багданаў выступіў з пратэстам на тое, што Аляксею Навальнаму ды іншаму фігуранту справы Пятру Афіцэраву змянілі захаду стрымання, хоць прысуд не пачаў дзеяць. Пра гэта паведамляе “Интерфакс”. Паводле пракурора, гэта перашкодзіць Навальнаму, які ёсць кандыдатам на пасаду мэра Масквы, праводзіць агітацыю. Багданаў дадаў, што абгрунтаванасці самога прысуду не аспрэчвае.

Дзеля таго, каб змяніць захаду стрымання на больш жорсткую, мусяць быць падставы. Напрыклад, падазрэнні, што пакараны можа знікнуць, зноў учыніць злачынства або знішчыць доказы. Пасля вызвалення апазіцыянер сказаў журналістам, што гэта беспрэцэдэнтны выпадак: “…нязручнае нават само пачуццё, калі паводле патрабавання пракурора вызваляюць толькі цябе і пракурораў, якія “крышавалі” падпольныя казіно”, – цытуе Навальнага “Интерфакс”.

РІА “Новости” паведамляе, што апазіцыянер вырашыў працягваць сваю выбарчую кампанію. Апеляцыю на прысуд можна падаць да 28 ліпеня, і суд мусіць разгледзець яе цягам 30 дзён. Выбары мэра Масквы прызначаныя на 8 верасня 2013 года. Галоўны прэтэндэнт на перамогу – дзейны кіраўнік гарадской адміністрацыі Сяргей Сабянін. Яго падтрымліваюць больш за 76 % апытаных. На другім месцы ў папулярнасці Навальны з вынікам 14 %.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў