Аляксей Янукевіч у “Гарачым каментары”


“Ёсць мужнасць у грамадстве”

Кажа старшыня Партыі БНФ, каментуючы акцыю паручальніцтва за палітвязняў. Сёння ў пракуратуру перадалі 2600 паручальніцтваў, і гэта далёка не ўся колькасць. “Насамрэч 2600 былі перададзеныя толькі сёння. Да гэтага былі перададзеныя яшчэ каля тысячы подпісаў за спадарыню Ірыну Халіп і Уладзіміра Някляева ды яшчэ каля паўтары тысячы знаходзяцца ў нашых рэгіянальных структурах. Таму такая колькасць – гэта шмат. З улікам таго, што людзі падпісваюцца персанальна, людзі даюць усе свае дадзеныя і ведаюць, што звесткі пойдуць у пракуратуру”, – кажа Аляксей Янукевіч.

У акцыі паручальніцтва ўдзельнічала не толькі Партыя БНФ, але і прадстаўнікі іншых палітычных рухаў. Аляксей Янукевіч упэўнены, што лічба подпісаў, якую атрымалася сабраць, насамрэч вялікая: “У сітуацыі, калі адбываюцца ператрусы, калі людзі трапляюць за краты з абвінавачаннямі ў нейкім крымінальным злачынстве, альбо за нейкія нязначныя рэчы, альбо абсалютна без віны, такая колькасць – гэта дастаткова шмат. Мы бачылі тую хвалю салідарнасці з затрыманымі па адміністрацыйным закідам, калі насамрэч тысячы людзей прыносілі дапамогу. Я думаю, гэта дазваляе казаць, што людзі абураныя. Шмат людзей абураныя, гатовыя нешта рабіць, але яны не гатовы падвяргаць сябе беспасярэдняй рызыцы. А нашая акцыя якраз і з’яўляецца такою рызыкаю. Я лічу, што гэта сведчанне мужнасці грамадства”, – упэўнены старшыня Партыі БНФ.

Кампанію збору подпісаў пад паручальніцтвамі актывісты ПБНФ распачалі каля месяца таму. Паводле Крымінальнага кодэксу, выступіць у якасці паручальнікаў могуць дзве і больш асобаў, якія раней не былі пад судом і “заслугоўваюць даверу”. Паводле Аляксея Янукевіча, акцыя будзе працягвацца да моманту выхаду ўсіх палітвязняў.

belsat.eu
https://youtu.be/XhFzg7OQeWc

Глядзі таксама
Каментары