Метро без машыніста! "Белсат" спраўдзіў, як гэта працуе


Метро даўно ўжо стала неад’емнаю часткаю паўсядзённасці жыхароў буйных гарадоў. Аднак у дацкай сталіцы – Капэнгагене – падземная чыгунка не зусім звычайная.

{movie}Беспілотнае метро|right|11674{/movie}

“Асцярожна, дзверы зачыняюцца”. Садзімся ва ўтульны ды светлы вагон і спакойна едзем. Спакойна да хвіліны, пакуль не глянем наперад – туды, дзе мусіць быць кіроўца цягніка. І тут валасы пачынаюць паволі шавяліцца на галаве: яго, кіроўцы, там няма. Цягнік едзе сам! Але сюжэт для футурыстычнага фільму жахаў тут, аказваецца, наўрад ці можна знайсці. У гэтым метро кіроўцаў замянілі камп’ютары.

КРЫС КОКС, «METROSELSKABET»:
“Замест каб глядзець на святлафоры, кампутар збірае інфармацыю ў выглядзе электрычных сігналаў – з тым, каб прыняць рашэнне: рухацца далей або спыніцца. Ён кіруе цягніком гэтаксама, як кіраваў бы звычайны кіроўца, але значна больш паслядоўна”.

Пасажыраў капенгагенскай падземкі замена чалавека на кампутар зусім не палохае.

ПАСАЖЫРЫ МЕТРО:
“Я давяраю гэтай сістэме. 100-адсоткава давяраю. Яна працуе хутка, своечасова і эфектыўна”.
“Я не баюся карыстацца метро без кіроўцаў, бо лічу, што гэта, магчыма, больш бяспечна. Людзі часам робяць памылкі, камп’ютар значна надзейнейшы”.
“Камеры паўсюль. Яны назіраюць за ўсім, што адбываецца. Калі нешта здарыцца, хтосьці прыйдзе на дапамогу”.
“Не, я не думаю, што ёсць нейкія праблемы. Я давяраю сучасным тэхналогіям!”

Дарэчы, сучасныя тэхналогіі дазваляюць пры дапамозе адмысловых сэнсараў увесь час сачыць за сітуацыяй падчас руху і на станцыях, дакладна інфармаваць пасажыраў пра тое, калі будзе наступны цягнік. Камп’ютарная сістэма кіравання таксама дазваляе транспартнікам быць больш аператыўнымі.

КРЫС КОКС, «METROSELSKABET»:
“Калі сёння, напрыклад, футбольны матч, і пасажыраў больш, чым звычайна, то трэба больш цягнікоў. У сістэме з кіроўцамі вы мусіце хутка іх знайсці ды выклікаць на працу. У нашым выпадку мы проста дасылаем дадатковыя цягнікі на лінію”.

А якая асалода праехацца ў такім метро дзецям! Кожны з іх можа стаць каля лабавога шкла і на некалькі імгненняў адчуць сабе сапраўдным кіроўцам. Але захапляюцца ад такой магчымасці, аказваецца, не толькі дзеці.

Сядзець тут, на месцы кіроўцы, і бачыць, што цягнік рухаецца, спыняецца на прыпынках, адчыняе і зачыняе дзверы, спачатку, вядома, крышачку страшнавата. Але потым усё ж прызвычайваешся да думкі, што кіруеш цягніком не ты, а кампутар, які схаваўся вось у гэтай скрыні. Спакойны, дакладны, маўклівы, і плаціць заробку яму ня трэба.

Алесь Сіліч, “Аб’ектыў”, Данія

Стужка навінаў