Наступствы эпідэміі: беларусам прыйдзецца забыць, што такое скварка?


Рэальныя маштабы і сітуацыя вакол афрыканскай чумы надалей замоўчваецца ўладамі краіны. Але гэта зусім не спрыяе развязанню праблемы. Больш за тое, некаторыя эксперты мяркуюць, што такія захады могуць прывесці да катастрофы.

{movie}Свінагадоўля знікне?|right|11673{/movie}

ПЁТР МІГУРСКІ, ЭКАНАМІСТ, ЭКСПЕРТ У СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ:
«Назіраючы за тым, як замоўчваецца праблема, як рэагуе насельніцтва, як паводзяць і рэагуюць чыноўнікі, можна сцвярджаць, што свінагадоўля ў Беларусі хутка перастане існаваць».

Напярэдадні санітарныя службы цалкам канфіскавалі жывёлу ў некаторых паселішчах на Гарадзеншчыне. Жыхары вёскі Залацеева Зэльвенскага раёну перакананыя, што такім чынам мясцовыя ўлады перастрахоўваюцца, каб запэўніць бяспеку свінакомплексу, што месціцца непадалёк вёскі.

ЖЫХАРКА ВЁСКІ ЗАЛАЦЕЕВА, ГАРАДЗЕНШЧЫНА:
«Калі сапраўды чума, то гэта закране і комплекс. Адпаведна, будзе рэспубліканскі шухер. Але чыноўнікам прасцей ліквідаваць пагалоўе свіней у людзей, каб яны не трымалі, каб не было небяспекі. Але ж мы дзеля гэтай капейкі жывем і дзеля гэтай капейкі працуем. І ў нас забралі ўсё. Людзі проста плакалі і прасілі. Што ж гэта за варвары, ходзяць па вёсцы і забіраюць свіней».

Пры гэтым існуе вялікая верагоднасць, што такая ж сітуацыя можа чакаць літаральна ўсіх вяскоўцаў ва ўсёй краіне.

ПЁТР МІГУРСКІ, ЭКАНАМІСТ, ЭКСПЕРТ У СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ:
«Ва ўсёй рэспубліцы свінагадоўля на ўзроўні прыватных падвор’яў можа быць зліквідаваная. Магчыма, недзе гэта і правільна. На сённяшні дзень, магчыма, такія захады і неабходныя. Але дай Бог, каб уцалела свінагадоўля, якая развіваецца на буйнатаварных комплексах».

А тым часам афрыканская чума свіней у Беларусі мае ўжо ў пэўным сэнсе і першую чалавечую ахвяру. Ветэрынарны нагляд прыняў рашэнне аб скарачэнні, а месцамі аб поўным знішчэнні і дзікоў, якія таксама могуць разносіць хваробу. І гэтая захада азмрочылася няшчасным здарэннем. Падчас начнога палявання на Віцебшчыне днямі быў забіты паляўніцтвазнавец Бабінавіцкай паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі.

А ці бачаць небяспеку ў афрыканскай чуме жыхары Менску?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Гэта проста чарговы развод на грошы звычайных грамадзянаў, вось і ўсё».
«А чаго мне баяцца? Вось сала набыў кавалак салёнага».
«Мы любім свініну, але ў сувязі з апошнімі падзеямі стараемся не набываць яе».
«Я спадзяюся на нашыя службы, спадзяюся, яны не сядзяць проста так, грошы атрымліваюць».

А службы афіцыйна паведамляюць пра асяродкі хваробы толькі ў Гарадзенскай ды Віцебскай вобласцях. Насамрэч жа сітуацыя выглядае значна горш, перакананыя эксперты.

ПЁТР МІГУРСКІ, ЭКАНАМІСТ, ЭКСПЕРТ У СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ:
«Не трэба хаваць сур’ёзнасці гэтай праблемы, і ў больш жорсткім рэжыме праводзіць каранцінныя захады. Паводле маіх звестак, асяродкі хваробы выяўленыя ўжо ў чатырох вобласцях, пакуль хваробы няма ў Магілёўскай і Гомельскай вобласцях».

У сваю чаргу, надзвычайныя захады робяцца з боку заходніх суседзяў Беларусі. Услед за Літвой і Польшча прапаноўвае стварыць фізічны бар’ер на мяжы з нашаю краінай. Цяпер жа на пераходах праводзіцца дэзінфекцыя аўтатранспарту, а перавоз харчоў забаронены ды жорстка кантралюецца.

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў