Беларус афіцыйна ўзяў аднаполы шлюб у ЗША


Беларускі праваабаронца і ЛГБТ-актывіст Вячаслаў Бортнік узяў шлюб са сваім амерыканскім партнёрам Шонам Гейлардам 11 ліпеня ў Вашынгтоне, паведамляе праваабарончы праект «ГейБеларусь».

Заяву аб узяцці шлюбу Бортнік і Гейлард падалі праз тыдзень пасля таго, як 26 чэрвеня Вярхоўны суд ЗША сваім рашэннем адмяніў Федэральны акт аб абароне шлюбу, бо той супярэчыць Канстытуцыі. Згодна з ім, шлюбам лічыўся толькі звяз мужчыны ды жанчыны. Паводле Бортніка, яны з Шонам «чакалі гэтага дня амаль 10 гадоў». Мужчыны пазнаёміліся на міжнароднай праваабарончай канферэнцыі ў Мексіцы. Гейлард наведваў Беларусь чатыры разы, а Бортнік ЗША – прыблізна 20.

На шлюбнай цырымоніі прысутнічалі толькі самыя блізкія сябры пары. Вясельная вечарына прызначаная на 7 верасня, а спецыяльная вечарына для беларускай сям’і, сяброў і блізкіх у Гомлі запланаваная на вясну 2014 года.

Мужчыны – актывісты «Immigration Equality» – арганізацыі, якая змагаецца за правы міжнародных аднаполых параў. Бортнік – чалец міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя», актывіст праваабарончага праекту «ГейБеларусь».

Алена Спасюк, БелаПАН

Стужка навінаў