«Пяцёрачка» для Навальнага. Навошта Крамлю такая жорсткая расправа?


Кіраўскі суд (Расея) прызнаў аднаго з галоўных арганізатараў антыпуцінскіх пратэстаў вінаватым у крадзяжы. Вырак – 5 гадоў калоніі. Расейскія праваабаронцы ды апазіцыйныя палітыкі лічаць справу сфабрыкаванаю.

Помста за антыкарупцыйную дзейнасць?

У ліпені 2012 года Аляксея Навальнага абвінавацілі ў датычнасці да справы «Кіраўлесу», у прыватнасці – у прысабечванні маёмасці ў асабліва буйным памеры. У 2009 годзе, паводле следства, Навальны пераканаў генеральнага дырэктара «Кіраўлесу» падпісаць нявыгадную дамову на рэалізацыю лесапрадукцыі, у выніку чаго дзяржаўнае прадпрыемства зазнала страты.

Гэтая крымінальная справа ўзбуджаная другі раз – першапачаткова яе спынілі «з прычыны адсутнасці складу злачынства». Пазней кіраўнік расейскага Следчага камітэту Аляксандр Бастрыкін запатрабаваў аднавіць следства.

Прыхільнікі Навальнага мяркуюць, што абвінавачанне супраць палітыка сфабрыкаванае з помсты: тады ж Навальны апублікаваў у сваім блогу інфармацыю, што Бастрыкін меў нерухомасць, бізнес і часовы від на жыхарства ў Чэхіі, але хаваў гэтыя факты ад расейскай грамадскасці.

Асабісты вораг Пуціна

Падчас наўпроставай лініі прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у адказ на пытанне аб справе Навальнага, заявіў, што «барацьбіт з карупцыяй мусіць сам быць крыштальна чысты». Ён дадаў, што асабіста звярнуў увагу Генеральнай пракуратуры на тое, каб справу расследавалі «напоўніцу аб’ектыўна».

{movie}Пуцін пра справу Навальнага|right|11660{/movie}

Але менавіта Навальнага ў Расеі лічаць адным з галоўных ворагаў Пуціна. Падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, калі Пуціна трэці раз абралі на найвышэйшую пасаду ў дзяржаве, Аляксей Навальны разам з іншымі апазіцыйнымі палітыкамі актыўна заклікаў выходзіць на акцыі пратэсту.

Гэтак, у лютым 2012 года адбылася адна з самых вялікіх антыпуцінскіх дэманстрацыяў. Нягледзячы на дваццаціградусны мароз, у Маскве на вуліцы выйшлі не менш за 100 тысячаў чалавек. Пратэсты адбыліся і ў шэрагу іншых гарадоў Расеі.

Увесну Навальны стаўся адным з галоўных арганізатараў «гулянняў» у Маскве і Пецярбурзе. Гэтыя акцыі, падобныя да беларускіх «маўклівых пратэстаў», доўжыліся некалькі дзён запар. Людзі выходзілі на вуліцы і сустракаліся ля помнікаў і на плошчах, аднак не мелі пры сабе транспарантаў і не выстаўлялі палітычных патрабаванняў. Зрэшты, расейскія «гулянні» здушылі аналагічна з беларускімі «маўклівымі пратэстамі» – з дапамогаю масавых арыштаў і разгону ўдзельнікаў.

Ці атрымаецца з Навальнага «пакутнік»?

Антыпуцінскі пікет у МасквеАнтыпуцінскі пікет у МасквеНапярэдадні выраку некаторыя расейскія аналітыкі пісалі пра тое, што Пуціну нявыгадна, каб Навальны трапіў за краты. Бо розгалас ад такога выраку зашкодзіць іміджу расейскіх уладаў у вачох міжнароднай супольнасці, а сам Навальны «стане пакутнікам» для вялікай колькасці расейцаў.

Тым не менш, рашэнне суда, якое, паводле прысутных на працэсе, практычна слова ў слова супадае з абвінаваўчым заключэннем следства, паказвае, што праблемы, якія стварае Навальны для Крамля сваёй апазіцыйнаю ды антыкарупцыйнаю дзейнасцю, больш балючыя, чымся наступствы ад жорсткага выраку.

Ці зняволенне Навальнага абезгаловіла частку актыўнай расейскай апазіцыі? Ягоныя паплечнікі гавораць, што будуць змагацца далей. «Калі хтосьці спадзяецца, што расследаванні Аляксея спыняцца, гэта не так. Фонд барацьбы з карупцыяй будзе працягваць працу», – заявіла пасля абвяшчэння выраку Юлія Навальная, жонка апазіцыянера.

Ён сам у сваім апошнім паведамленні праз «Twitter» напісаў: «Ладна. Вы тут не сумуйце без мяне. А галоўнае – не гультайнічайце, жаба сама сябе з нафтавай трубы не скіне».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары