З Андрэем Саннікавым урэшце сустрэўся адвакат


Экс-кадыдат яшчэ не пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.

Адвакат Андрэя Саннікава Павал Сапелка двойчы бачыўся з сваім падабаронным – 8 і 9 лютага.

Другога свайго падабароннага – Паўла Северынца, кіраўніка выбарчага штабу экс-кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага – Сапелка не бачыў з 29 снежня. „Не ўдаецца атрымаць з ім сустрэчу, а следчых дзеянняў, якія патрабуюць маёй прысутнасці, не праводзяць”, – сказаў адвакат. Доўгі час не бачылі сваіх падабаронных і адвакаты Дзмітрыя Бандарэнкі, Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча.

Тым часам, на мінулым тыдні з матэрыяламі папярэдняга расследавання ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня пачаў знаёміцца Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар Саннікава.

Нагадаем, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня арыштавалі семярых з дзевяці кандыдатаў на прэзідэнцтва, а таксама больш за 600 пратэстоўцаў. Тры экс-кандыдаты: Андрэй Саннікаў, Алесь Міхалевіч і Мікалай Статкевіч – дагэтуль застаюцца ў СІЗА КДБ. Жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп і экс-кандыдат Уладзімір Някляеў знаходзяцца пад хатнім арыштам.

На прэс-канферэнцыі 26 студзеня міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў паведаміў, што матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні шэрагу актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў 19 снежня ў Менску будуць накіраваныя ў суд на пачатку лютага. Аднак матэрыялаў экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва сярод іх яшчэ не будзе.

belsat.eu

Стужка навінаў