Расейскія сілавікі спынілі канал пастаўкі зброі з Беларусі


Расейская паліцыя і Федэральная служба бяспекі правялі спецаперацыю дзеля ліквідацыі групоўкі, якая займалася кантрабандаю зброі ды боепрыпасаў. Сярод затрыманых – грамадзянін Беларусі.

Зброю і боепрыпасы пастаўлялі на тэрыторыю Цэнтральнай федэральнай акругі праз Бранскую вобласць. У склад злачыннай групоўкі, прадстаўнікоў якой затрымалі, уваходзілі жыхары рэгіёну і грамадзянін Беларусі. Згодна з папярэднімі звесткамі прэс-службы МУС Расеі ў Бранскай вобласці, менавіта беларус дастаўляў зброю ў Бранскую вобласць кантрабандным шляхам.

У падазраваных сканфіскавалі арсенал з 14 адзінак агнястрэльнай зброі. Групоўка мела, сярод іншага, пісталеты ТТ і “Вальтэр” (па тры кожнай маркі), тры рэвальверы і два карабіны розных сістэмаў, пісталет Р-3 канструкцыі Сяўругіна, больш за сотню патронаў рознага калібру. Гэтую небяспечную калекцыю, якая прызначалася відавочна не для страляніны па крумкачах, дапаўнялі прылада для бясшумнай стральбы і аптычны прыцэл.

Пад арыштам цяпер – 49-гадовы беларус і 48-гадовы жыхар Бранскай вобласці. Працаўнікі ФСБ і паліцыі шукаюць іншых удзельнікаў злачыннай групы і расследуюць усе абставіны іхнай дзейнасці.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў